Эканамісты раяць не панікаваць з рублёвымі ўкладамі
І паспрабаваць выцадзіць выгаду з дэпазітаў у нацыянальнай валюце.
У інфарм-цэнтры “Беларусбанку” на пытанне Еўрарадыё, дзе лепей трымаць мае міфічныя 20 мільёнаў рублёў, раяць разбіць суму на валюту і беларускія рублі.
Але тут жа падкрэсліваюць безумоўную выгаднасць рублёвых дэпазітаў.
“Даход па ўкладзе ў доларах складзе 20 долараў за перыяд укладу, а вось у беларускіх рублях — 1,3 мільёна”, — ветліва распавядае мне дзяўчына-кансультант.
Але тут ёсць свае фокусы! Як то цягам трох месяцаў я не змагу пагуляцца са сваімі грашыма ніяк: нават калі дэвальвацыя разам з дэнамінацыяй аднамомантна, бо інакш страчу працэнты і атрымаю за свае грошы толькі 0,5% даходу!
Пра тое, што стаўкі па рублёвых дэпазітах растуць, нечакана кажуць і ў "Белаграпрамбанку": было 25% па дэпазіце, а стала 27%.
І ўсё ж, нягледзячы на рост ставак па дэпазітах, згодна са статыстыкай Нацыянальнага банка ў чэрвені пачаўся адток рублёвых укладаў насельніцтва — гэтага не было з кастрычніка мінулага года. У чэрвені аб’ем дэпазітаў знізіўся болей чым на 70 мільярдаў і склаў на 1 ліпеня 22 трыльёны ў рублях, што ўдвая меней, чым у доларах.
У сваю чаргу перавадныя дэпазіты фізічных асоб выраслі на 1,8 трыльёна ў чэрвені да 12, 5 трыльёна. За студзень-чэрвень 2013 перавадныя рублёвыя дэпазіты павялічыліся на 3,5 трыльёна.
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб кажа, што аднамомантнага абвалу беларускага рубля зараз не адбудзецца, хоць для гэтага ёсць усе перадумовы.
“Дэвальвацыя будзе плаўнай”, — кажа Вадзім Іосуб і раіць ускочыць у апошні вагон. — “З улікам тэндэнцыі апошніх дзён, захоўваць грошы ў беларускіх рублях выгадна. Людзі бягуць пераводзіць грошы ў валюту, і спроба такога набегу ёсць, але гэта не аргумент, што так трэба рабіць, што гэта выгадна! Зараз ідзе рост прыбытковасці ў беларускіх рублях і можна гэтым скарыстацца!”.
Сам жа эканаміст трымае частку грошай у беларускіх рублях — даход дасягаў у лепшыя часы і 48% па дэпазіце. Аналітык кажа, што пакуль давярае больш кароткачасовым дэпазітам.
А вось згуляць на курсе долара не атрымаецца, бо расці долар будзе павольна і купляць яго няма сэнсу. Прагноз аналітыка — на канец года курс будзе 9,5 тысячы рублёў.
Прагноз эканаміста Леаніда Заікі прыкладна такі ж — 9,7 тысячы за долар да канца года.
“Беларускі рубель дэвальвуецца на 10-12%, і я вам гэта гарантую яшчэ да канца года, гэта будзе зроблена для таго, каб параўнацца з дэвальвацыяй расійскага рубля і павысіць канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў”, — эканаміст лічыць, што паніка з дэпазітамі ў нацыянальнай валюце яшчэ горш паўплывае на становішча.
“Панікаваць не трэба, насельніцтва ўсё роўна ўжо прайграла. Можаце мяне працытаваць: людзі, не бегайце па банках, бо сітуацыя пагаршацца і дэвальвацыя будзе больш адчувальнай”, — кажа эканаміст.