Экс-фатографка БЕЛТА, якая пераехала ў Варшаву, публічна адказала хэйтарам

Аксана Манчук

Аксана Манчук / mediacongress.ru

Экс-фатографка БЕЛТА Аксана Манчук напісала ў Фэйсбуку пост, у якім адказала на закіды ў свой бок.

Як распавядала Еўрарадыё, дзяўчына працавала ў дзяржаўным інфармагенцтве БЕЛТА да канца 2022 года, пасля чаго перабралася ў Польшчу. Яна здымала суд над Віктарам Бабарыкам, мігранцкі крызіс на мяжы з краінамі Еўрасаюза ды іншае.

Пераезд Манчук у Польшчу выклікаў скандал у сацсетках палітуцекачоў: частка вінаваціла яе за працу ў прапагандысцкай структуры пасля 2020 года, іншая частка падтрымала дзяўчыну. Адзін з яе знаёмых расказаў, што дзяўчына не магла звольніцца, бо адпрацоўвала агенцтву за скрадзеную ў яе ў 2019 годзе дарагую тэхніку: так пастанавіў суд.

У сваім допісе, напісаным па-беларуску, Манчук пацвердзіла, што выконвала пастанову суда па выплаце кампенсацыі за скрадзеную тэхніку: "Мне патрэбна было выконваць пастанову суда: я не мела права звольніцца да выплаты ўсёй сумы да 2024 года. Але ў снежні 2022 года я назбірала неабходную суму, выплаціла ўсё і звольнілася".

Пра сваю працу як фатографа яна піша так:

"Я бяру на сябе адказнасць у працы на дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва і не хачу апраўдваць гэты факт, але з-за неінфармаванасці шмат людзей накінуліся на мяне, як на лёгкую нажыву.
Пратэсты ў 2020 годзе я здымала як фіксатар падзей, як і многія мае калегі. Тады не было зразумела, як усё складзецца пазней, і публікаваліся факты. Судоў над палітвязнямі я не здымала, акрамя першага паседжання суда над Віктарам Бабарыкам.
Калі пачаўся міграцыйны крызіс, я здымала тое, што адбывалася і было даступна да мяне непасрэдна на памежным пункце з беларускага боку. Працавала там двойчы, Гэта была фатахроніка падзей, бо інакш гэтыя здымкі не публікавалі бы пазней еўрапейскія агенцыі. Іншая справа, як гэта часам выкарыстоўвалася (за гэта таксама не пазбягаю адказнасці), але ж у гісторыі застанецца неблагі архіў.
Я здымала большасць культурных, спартыўных і сацыяльных і эканамічных мерапрыемстваў. Фотакор ўвогуле павінен здымаць усе. Але мяне выставілі толькі з аднаго боку".

Яна звяртаецца да сваіх хэйтараў: "Вы змагаецеся не з тым злом".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі