Экс-прэзідэнт Манголіі заклікаў арыштаваць Лукашэнку, як той прыедзе ў краіну

Сталіца Манголіі горад Улан-Батар, ілюстрацыйнае фота

Сталіца Манголіі горад Улан-Батар, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Аляксандра Лукашэнку пасля прыбыцця ў Манголію з афіцыйным візітам трэба адразу ж арыштаваць. З такім заклікам выступіў экс-прэзідэнт краіны (2009-2017) Элбэгдорж Цахіагійн.

У сваім акаўнце ў сацсетцы Х (былы Твітар) ён напісаў: "Манголія з'яўляецца ўдзельніцай Рымскага Статута і мае суддзю ў Міжнародным крымінальным судзе. Чакаецца прыбыццё асобы, якая ўчыніла злачынствы супраць чалавечнасці. Спадзяюся, што адпаведныя меры будуць прынятыя. Перад міжнароднай супольнасцю Манголія выканае свае юрыдычныя абавязальніцтвы. Перамога справядлівасці стане сусветнай падзеяй, і гэта прынясе Манголіі добрую рэпутацыю".

Улетку 2023-га дэпутаты Еўрапарламента заклікалі Міжнародны крымінальны суд у Гаазе (МКС) выдаць ордар на арышт Лукашэнкі. Яны адзначылі, што яго рэжым нясе адказнасць за шкоду, прычыненую вайной Украіне. Таксама згадалі ўдзел лукашэнкаўскіх уладаў у незаконным вывазе дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый.

З такой жа прапановай неаднаразова выступала і лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская. Аднак пакуль што такі ордар выдадзены не быў. У той жа час МКС выдаў ордары на арышт кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай.

Візіт Лукашэнкі ў Манголію запланаваны на 1-4 чэрвеня. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі