Эксперт пра сённяшнюю заяву Расіі: Лукашэнку дадатковых сігналаў не трэба

24 красавіка афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Аляксандр Лукашэвіч выказаўся СМІ датычна Рыжскага саміту “Усходняга партнёрства”, дзе можа ўзяць удзел і кіраўнік Беларусі. У прыватнасці расійскі чыноўнік неадназначна казаў пра “жорсткую і прынцыповую рэакцыю” датычна саміту, які, нібыта, мае "відавочную антырасійскую скіраванасць". Пра што могуць сведчыць гэтыя словы?

У каментары Еўрарадыё палітолаг Яўген Прэйгерман кажа, што гэта сведчанне таго, што Расія шчыльна сочыць за ўсходняй палітыкай, якую развівае Еўрасаюз. Нягледзячы на тое, што з пачатку палітыкі “Усходняга партнёрства” афіцыйна заяўлялася, што Маскву гэта не турбуе, што гэта "несур’ёзная праграма". Але ўжо тады было відавочна, што ўсё гэта Расію турбуе, адзначае эксперт.

Палітолаг разглядае заяву Лукашэвіча як афіцыйную пазіцыю Расіі, якая палітыку “Усходняга партнёрства” разглядае як геапалітычнае прасоўванне ЕС на Усход. Пры гэтым Прэйгерман мяркуе, што заява прадстаўніка МЗС Расіі не з’яўляецца сігналам да беларускіх уладаў, маўляў, праігнаруйце Рыжскі саміт.

Прэйгерман: “Бліжэйшыя саюзнікі і ў першую чаргу Беларусь, у прыватнасці Аляксандр Лукашэнка, лепш, чым хто ў свеце ведаюць свайго ўсходняга саюзніка. І тут дадатковых сігналаў асабліва і не патрэбна. Таму я не думаю, што гэтая заява можа змяніць планы Мінска ў дачыненні ўдзелу ў саміце”.

Дагэтуль невядома, ці будзе непасрэдна кіраўнік Беларусі прадстаўляць нашу краіну на мерапрыемстве ў Рызе 21-22 траўня.

“Паводле словаў прэс-сакратара МЗС Беларусі, яшчэ няма афіцыйнага запрашэння. Пытанне падвешанае. Але наўрад ці гэтая канкрэтная заява паўплывае на рашэнне”, — яшчэ раз акцэнтуе ўвагу палітолаг.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі