Элементам гібрыднай вайны назваў міграцыйны крызіс на мяжы кіраўнік МЗС Латвіі
Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс / twitter.com/edgarsrinkevics
Міграцыйны крызіс на межах суседніх з Беларуссю краін рукатворны, перакананы міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Пра гэта ён заявіў у эфіры тэлеканала "Дождж".
"Гэта рукатворны крызіс. Я думаю, што гэта вельмі добра відаць", — сказаў ён. Больш таго, латвійскі міністр лічыць, што тое, што адбываецца на мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай можна назваць "элементам гібрыднай вайны".
Урад Латвіі ў аўторак увёў рэжым надзвычайнай сітуацыі на мяжы з Беларуссю з-за наплыву нелегальных мігрантаў. Пакуль рэжым устаноўлены да 10 лістапада. Ён дазволіць "Дзяржпамежслужбе, і паліцыі, і вайскоўцам зрабіць усё магчымае, каб ахоўваць мяжу, а таксама вырашаць больш хутка ўсякія адміністрацыйныя пытанні, якія ўзнікаюць пры такіх сітуацыях", патлумачыў Рынкевічс. Міністр сказаў, што "сітуацыя на мяжы, вядома, складаная", але ён не хацеў бы рабіць "нейкія гучныя заявы, што гэта нейкі апакаліпсіс".
Пасля таго, як літоўскія памежнікі сталі вяртаць назад нелегальных мігрантаў, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі, паток нелегалаў павялічыўся на латвійскім участку мяжы. Толькі за апошнія пяць дзён на мяжы было затрымана 283 парушальнікі, а ўсяго з пачатку года — 343.
Вядома, што каля паловы з затрыманых мігрантаў былі выхадцы з Ірака. Пасля таго, як зачынілася магчымасць трапіць у Літву, паўстала пытанне аб іх вяртанні на радзіму. Напярэдадні з Мінска ў Ірак вылецеў першы эвакуацыйны рэйс з бежанцамі. Адзін з пасажыраў рэйса распавёў Еўрарадыё, што мае намер і далей спрабаваць эміграваць, але ўжо не праз Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.