ЕС павінен узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі — дэпутаты Еўрапарламента
Еўрапарламент
Дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць беларускія ўлады неадкладна спыніць рэпрэсіі, пераследы і адвольныя затрыманні беларусаў, а таксама без усялякіх папярэдніх умоў вызваліць усіх палітвязняў і іх сем'яў. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўніка дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Еўрапарламента Юозаса Алекаса і пастаяннага дакладчыка Еўрапарламента па Беларусі Пятраса Аўштравічуса.
Нагодай для заявы сталі масавыя затрыманні родных палітвязняў і крымінальная справа супраць экспертаў, якіх улады назвалі "аналітыкамі Ціханаўскай". Еўрадэпутаты адзначылі, што большасць арыштаваных у рамках новых хвалі рэпрэсій — гэта жанчыны, жонкі і маці палітычных зняволеных. Асобна згадваюць Марыну Адамовіч — жонку палітыка і палітвязня, лаўрэата прэміі Сахарава 2020 года Мікалая Статкевіча. Яе, нагадаем, арыштавалі на 15 сутак.
"Мы ўсхваляваны такімі пераследам па гендэрнай прыкмеце і заклікаем неадкладна і безумоўна вызваліць арыштаваных жанчын і іншых членаў сем'яў палітычных зняволеных", — гаворыцца ў заяве. На думку аўтараў заявы, чарговыя рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі "павінны быць сустрэты дадатковым адказам з боку ЕС і Захаду". Размова ідзе аб "узмацненні ціску на рэжым у выглядзе санкцый".
Еўрадэпутаты таксама зазначаюць, што "маштабы парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі настолькі значныя, што, паводле звестак Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, некаторыя з гэтых дзеянняў могуць уяўляць сабой "злачынствы супраць чалавецтва". Еўрадэпутаты заявілі, што салідарныя з народам Беларусі і будуць надалей падтрымліваць імкненні беларусаў да дэмакратычнай і еўрапейскай будучыні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.