ЕС заклікаў улады Беларусі прызнаць прэзідэнцкія выбары несапраўднымі
ЕС заклікаў улады Беларусі прызнаць прэзідэнцкія выбары 9 жніўня 2020-га несапраўднымі. У заяве Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў адзначаецца, што афіцыйнаму Мінску трэба выканаць рэкамендацыі даклада, падрыхтаванага ў межах Маскоўскага механізма АБСЕ, перадае БелаПАН. Як паведамяла Еўрарадыё, у дакладзе згадваюцца "неабвержныя доказы" фальсіфікацый, рэкамендуецца адмяніць вынікі выбараў і прызначыць новыя "на аснове міжнародных стандартаў".
"Высновы дакладчыка АБСЕ адпавядаюць нашай крытычнай ацэнцы выбарчага працэсу, сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і невыканання існых абавязацельстваў АБСЕ, — гаворыцца ў заяве ЕС. — Яны праліваюць дадатковае святло на маштабы і характар хвалі гвалту і рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і прапануюць каштоўны набор рэкамендацый".
Брусель ускладае адказнасць за тое, што адбылося, на беларускае кіраўніцтва.
Еўрасаюз таксама заклікае афіцыйны Мінск неадкладна спыніць любы гвалт, катаванні і жорсткае абыходжанне ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, вызваліць усіх палітвязняў. ЕС заклікае правесці незалежнае расследаванне ўсіх паведамленняў аб катаваннях у Беларусі і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. У заяве вітаецца рэкамендацыя дакладчыка АБСЕ аб стварэнні незалежнага міжнароднага органа для расследавання парушэнняў правоў чалавека ў нашай краіне.
Чтобы следить за важными новостями, подпишитесь на канал Еврорадио в Telegram.
Мы каждый день публикуем видео о жизни в Беларуси на Youtube-канале. Подписаться можно тут.