Еўрапарламент адрэагаваў на нядаўнюю хвалю масавых арыштаў у Беларусі

Затрыманне ў Шчучыне

Затрыманне ў Шчучыне / dzyannica.by

Еўрапарламент адрэагаваў на нядаўнюю хвалю масавых арыштаў у Беларусі. Па апошняй інфармацыі, сілавікі прыйшлі да мінімум 224 чалавек. Сярод іх — былыя палітвязні, сем'і палітычных зняволеных. У прынятай 8 лютага рэзалюцыі Еўрапарламент асуджае рэпрэсіі ў РБ, патрабуе іх неадкладнага спынення, неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязняў. "Лукашэнка не зможа разлічваць на змяненне палітыкі ЕС, пакуль гвалт і рэпрэсіі не спыняцца і палітвязні не будуць вызваленыя", каментуе намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Еўрапарламент адзначае выкарыстанне рэжымам Аляксандра Лукашэнкі прымусовай працы палітвязняў. Ён прапануе канкрэтныя меры ціску на рэжым. Сярод іх — увядзенне санкцый у дачыненні да тавараў, якія вырабляюцца з прыцягненнем прымусовай працы.

У рэзалюцыі змешчаны заклік працягваць дакументаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, "садзейнічаць прыцягненню рэжыму да адказнасці праз экстэрытарыяльную і ўніверсальную юрысдыкцыю". Еўрапарламент заяўляе пра адсутнасць празрыстасці, свабоды і справядлівасці напярэдадні так званых парламенцкіх і мясцовых "выбараў" у Беларусі, заклікае ЕС і міжнародную супольнасць не прызнаваць іх вынікі. Латушка адзначае, што "ў Лукашэнкі не павінна заставацца і цені надзеі нават на частковае аднаўленне легітымнасці".

Еўрапарламент таксама заклікае ўлады дзяржаў-членаў Еўрасаюза даць беларусам магчымасць атрымліваць візы і ВНЖ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі