Еўрапарламент ухваліў пагадненне аб лічбавізацыі шэнгенскіх віз
Будынак Еўрапарламента ў Страсбургу
Еўрапейскі парламент афіцыйна ўхваліў Пагадненне аб цыфравізацыі шэнгенскіх віз, і гэта зрабілася "перадапошнім крокам да таго, каб дакумент стаў заканадаўчым актам", паведамляе рэсурс euractiv.com.
З увядзеннем новых правілаў заявы на візы ў шэнгенскую зону, а таксама ў дзяржавы-чальцы ЕС, якія не ўваходзяць у шэнгенскую зону, павінны аблічбоўвацца. Згодна з новымі правіламі, заявы на візу можна будзе падаваць анлайн праз спецыяльную платформу. А замест візавай налепкі для пашпарта з'явіцца лічбавы двухмерны штрых-код з крыптаграфічным подпісам. "Гэта знізіць рызыкі ў пытанні бяспекі, звязаныя з падробленымі і скрадзенымі візавымі налепкамі", — казалі раней у Еўрапейскім савеце. На думку заканадаўцаў ЕС, працэс зробіцца не толькі больш бяспечным, але і больш хуткім і танным. Мяркуецца, што сістэма запрацуе да 1 снежня 2026 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.