Еўрарадыё спрабуе зняць плакаты з выбарчымі лозунгамі Лукашэнкі (частка 1)

Еўрарадыё спрабуе зняць плакаты з выбарчымі лозунгамі Лукашэнкі (частка 1)

На Нямізе, ля царквы, стаяць агітацыйныя стэнды “Выбары-2015” з каляровымі плакатамі. Ніякіх выходных дадзеных на плакатах… няма. Затое ёсць партрэт Лукашэнкі і яго выбарчы лозунг.

 

Плакаты

Вялізны рознакаляровы плакат чырвона-зялёных колераў з адлюстраваннем нацыянальнага дабрабыту і шчасця — ветэраны, моладзь, каласы ў полі, Дар’я Домрачава і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. У самым цэнтры плаката — выбарчы лозунг апошняга “За будучыню незалежнай Беларусі!”. Гэта моцна падобна да агітацыйнай прадукцыі. Шукаю выходныя дадзеныя (тыраж, тыпаграфія, замоўца) і… не знаходжу. Цягне на скандал. Такі моцны кандыдат, а такія банальныя парушэнні.

 

Цэнтрвыбаркам: “Выходныя дадзеныя абавязкова павінны быць на друкаванай прадукцыі ўсіх кандыдатаў”

“Так, так, так! Яны абавязкова павінны быць на друкаванай прадукцыі ўсіх кандыдатаў. Абавязкова”, — расказвае кіраўнік Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына пра выходныя дадзеныя. Там можна ўбачыць месца друку (ці раптам не за мяжой яно), наклад, наяўнасць ліцэнзіі ў друкарні і самае галоўнае — хто замаўляў агітацыю і хто за яе плаціў. Усё ж гэта выбары прэзідэнта краіны, а не самадзейнасць.

Еўрарадыё спрабуе зняць плакаты з выбарчымі лозунгамі Лукашэнкі (частка 1)
Плакат і фота агенцтва БЕЛТА, выкарыстанае пры яго стварэнні.

БЕЛТА: “З намі, здаецца, ніхто дамовы не заключаў”

Аглядаю яшчэ раз таямнічы плакат з выбарчым лозунгам дзеючага кіраўніка краіны “За будучыню незалежнай Беларусі”. Недзе я гэтыя фота ўжо бачыў раней. Здаецца, на сайце БЕЛТА… Шукаю — і праўда. Арыгінал аднаго са здымкаў размешчаны на сайце дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва, аўтар — Мікалай Пятроў, здымак зроблены 26 чэрвеня 2015 года ў Мінску, нумар фота — 208657,03. Ключавыя словы — “Лукашэнка, баль выпускнікоў, выпускнікі, моладзь”. Званю ў аддзел маркетынгу БЕЛТА. Дзявочы голас расказвае, што выбарчыя штабы здымкаў у іх… не набывалі. “Ведаеце, у нас жа ўсё па дамовах, гэта было б бачна, калі аплата з фонду кандыдата ў прэзідэнты. Я такога не прыгадаю. Але думаю, што ў дадзеным выпадку вам варта было б пагаварыць з кіраўніцтвам”, — прыкладна такія парады чую з трубкі. Кіраўніцтва на месцы прадказальна не аказваецца.

 

Выбаркам Цэнтральнага раёна Мінска: “Мы ўсё праверым і разбярэмся, адрэагуем”

Што рабіць? Вырашаю знайсці тых, хто выстаўляў выбарчыя стэнды. Не самі ж яны на Нямігу прыйшлі. У прыёмным пакоі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, на чыёй тэрыторыі я знайшоў сенсацыю, адразу раяць тэлефанаваць у аддзел ідэалогіі. Так і кажуць: “Гэта яны — ім званіце”. Але ў аддзеле ідэалогіі пасля словаў “плакаты без выходных дадзеных” катэгарычна раяць звярнуцца ў выбаркам Цэнтральнага раёна. Трубку здымае старшыня камісіі — Буры Мікалай Мікалаевіч. Абяцае ўсё праверыць і зафіксаваць парушэнне:

“Выбарчая камісія сама на гэтыя стэнды нічога не вешае. Стэнды пастаўленыя для таго, каб кандыдаты там змяшчалі свае матэрыялы. Калі нехта з іх нешта парушыў, то трэба разбірацца. За ўсе парушэнні адказвае сам кандыдат”, — гаворыць Мікалай Буры.

Пытаюся, ці будзе разбіральніцтва пасля майго званка. Адказ станоўчы. “Вядома, я зараз пашлю чалавека. Заўтра, максімум паслязаўтра, можам вам паведаміць, што там такое вісіць”, — пераконвае мяне старшыня выбарчай камісіі.

Так што ў найбліжэйшыя дні мой маршрут з дому на працу будзе праходзіць праз Нямігу. Раптам незразумелы плакат насамрэч знікне, як знікаюць улёткі Гайдукевіча. Праўда, на ўлётках Гайдукевіча ўсе выходныя дадзеныя ёсць. Наклад 10 тысяч, друкарня “Рибба”, замоўца — Гайдукевіч С. В.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі