Еўрасаюз прыняў заяву ў падтрымку народа Беларусі

Сцягі ЕС, ілюстрацыйнае фота

Сцягі ЕС, ілюстрацыйнае фота

Еўрасаюз застаецца аднадушным у сваёй падтрымцы мужнага народа Беларусі, а таксама "беларускага дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці ў іх імкненні да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай Еўропы".

Пра гэта гаворыцца ў заяве Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў ад імя вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепа Барэля. Заява апублікаваная 8 жніўня — напярэдадні чарговай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі.

ЕС абяцае падтрымку ў стабілізацыі эканомікі і рэфармаванні інстытутаў, як толькі Беларусь пачне дэмакратычныя пераўтварэнні. Падтрымка будзе ажыццяўляцца ў тым ліку ў рамках комплекснага плана, які прадугледжвае фінансаванне да 3 мільярдаў еўра, гаворыцца ў дакуменце.

ЕС нагадавае, што чатыры гады таму народ Беларусі выйшаў на вуліцы, каб "мірна пратэставаць супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і спробы Лукашэнкі адабраць у яго права вырашаць сваю будучыню". Цяпер у краіне налічваецца каля 1400 палітвязняў. У заяве гаворыцца, што яны — гэта "малая частка тысяч людзей, якія з 2020 года то траплялі ў турмы па палітычных матывах, то выходзілі з іх". Пры гэтым мінімум шэсць палітвязняў загінулі падчас утрымання пад вартай, а многія ўжо больш за год знаходзяцца пад вартай без сувязі са знешнім светам.

У ЕС адзначаюць, што Беларусь парушае міжнароднае права і ўласныя абавязальніцтвы, не прадастаўляючы тэрміновую меддапамогу зняволеным, якія знаходзяцца ў цяжкім стане. Еўрасаюз патрабуе неадкладна вызваліць усіх палітвязняў.

Рэжым Лукашэнкі ў заяве называецца пагрозай беларускаму суверэнітэту і нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама саўдзельнікам незаконнай агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. У дакуменце нагадваюць, што афіцыйны Мінск спрыяе незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і арганізуе міграцыйны ціск на знешнія межы ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі