Еўразона можа выйсці з рэцэсіі ўжо да канца верасня
Яна цягнулася 1,5 года. Сігналы на “выздараўленне” эканомікі прыйшлі з Італіі.
“6 жніўня Італія падала дадатковыя доказы таго, што зацяжная рэцэсія ў еўразоне, магчыма, ужо скончылася. Дадзеныя паказваюць, што эканоміка краіны скарацілася нашмат менш, чым чакалі ад яе ў другім квартале года”, — паведамляе CNN.
Добрая навіна з Італіі супала з ростам прамысловай замовы ад буйнейшай эканомікі рэгіёна, Германіі, які ў чэрвені аказаўся амаль на 4% большы, чым у траўні.
“Крызіс паступова адступае, — кажа эканаміст Deutsche Postbank Ціла Хайдрых. — Эканамічныя вынікі звязаныя з паляпшэннем настрояў. Гэта падтрымлівае ўзнаўленне эканомікі, якое, паводле нашых чаканняў, адбудзецца ў Германіі і еўразоне да канца года”.
Тым часам выданне The Telegraph сцвярджае, што рэцэсія, як і вяртанне прадпрыемстваў да роста, адбудзецца ўжо ў гэтым квартале, альбо да канца верасня. І дадае, што Францыя, якая з’яўляецца другой эканомікай Еўразоны, таксама набірае форму.
Цікава, што на фоне пазітыўных чаканняў эканамістаў працаўнікам Еўразоны па-ранейшаму прыходзіцца не соладка, бо беспрацоўе складае тут 12,1%. Хаця і тут сітуацыя можа хутка выправіцца.
“Слабым месцам Еўразоны застаецца цьмяны рынак працы, што спрыяе беспрацоўю ў рэгіёне ў цэлым. Але і тут былі заўважаны першыя прыкметы аднаўлення, хуткасць страты працоўных месцаў знізілася да 1,5-гадовага мінімума”, — кажа старэйшы эканаміст Markit Роб Добсан.
У Францыі, дарэчы, беспрацоўе дасягнула максімума: у чэрвені ў краіне налічылі 3,28 мільёна чалавек без працы. А згодна з нядаўнім апытаннем, 84% французаў не вераць, што прэзідэнт Франсуа Аланд у стане выканаць сваё абяцанне і знізіць беспрацоўе да канца года.
У Італіі, з якой і пачаліся размовы пра канец рэцэсіі ў Еўразоне, і ўвогуле здараюцца кур’ёзныя выпадкі. Шведскі канцэрн IKEA, які збіраецца адкрыць фабрыку ў горадзе Піза, на 200 вакансій атрымаў 28 тысяч (!) рэзюмэ. Згодна са статыстыкай, узровень беспрацоўя ў Італіі складае больш за 12%. А што тычыцца маладых, то сярод 15-24-гадовых гэты паказчык — 40%.
Фота: investomunity.com