Фанат “Дынама” абвінавачвае італьянскую паліцыю ў “ліпавых фота”
А беларускія праваахоўныя органы тым часам не стануць браць у абарот нашых хуліганаў, якія пабіліся з сілавікамі ў Фларэнцыі.
Беларускія праваахоўныя органы не будуць праводзіць уласную праверку па дзеяннях футбольных фанатаў мінскага “Дынама”, якія пабіліся з сілавікамі ў Фларэнцыі.
Нагадаем, 11 снежня перад матчам “Дынама” і “Фіярэнціны” на вуліцы Лаваньіні ў Фларэнцыі здарылася бойка з удзелам групоўкі мінскіх фанатаў з паліцыяй. Калі верыць відэазапісам з месца здарэння, беларусы не пайшлі на кампраміс з сілавікамі, якія запатрабавалі праехаць на стадыён у аўтобусах. Хуліганы пачалі закідваць італьянцаў піратэхнікай ды піўнымі бакаламі. Некалькі паліцэйскіх атрымалі траўмы.
Зразумела, што ў Беларусі такая выхадка магла б скончыцца крымінальнай справай. У Італіі пасля ўмяшальніцтва нашых дыпламатаў усіх затрыманых удзельнікаў інцыдэнту (61 чалавека) адпусцілі.
На наступны дзень пасля здарэння паліцыя Фларэнцыі распаўсюдзіла фотаздымкі канфіскаваных у беларусаў рэчаў. Гэта плакаты з кельцкімі крыжамі (забаронены УЕФА неанацысцкі сімвал), піратэхніка, тэлескапічны дручок, балаклавы…
Па вяртанні ў Беларусь удзельнікі інцыдэнту з беларускага боку не сталі даваць інтэрв’ю. Адзін з відавочцаў здарэння (фанат, якога не затрымалі) распавёў Еўрарадыё наступнае:
“Фанаты “Дынама” хацелі самастойна дайсці да стадыёна, а не ехаць на міліцэйскіх машынах, як хацелі італьянцы. Праз гэта і здарыўся канфлікт. Фота канфіскаваных рэчаў, якія паказалі італьянцы, ліпавыя”.
Еўрарадыё: То бок неанацысцкіх сімвалаў насамрэч не было?
Фанат: “Ва ўсіх свая праўда. Я лічу, што частка таго, што ляжыць на сталах, пастановачная. Частка і сапраўды была. Дзе гэта можна было ўзяць? З загашнікаў паліцыі, гэта не праблема…”
Аднак у фанацкім інстаграме madeinminsk, які вядзе адна з дынамаўскіх груповак, знаходзім той самы расісцкі банер з кельцкім крыжам, які прадэманстравала паліцыя Фларэнцыі. Замежнае ведамства праз газету Corriere Fiorentino выказала сваю версію інцыдэнту. Затрыманых беларусаў ведамства называе неанацысцкай групоўкай, якая прыехала напярэдадні футбольнага матчу, каб займацца правакацыямі. У тым жа інстаграме ёсць фотаздымак таго, як фанаты топчуць нагамі плакаты з рэкламай антыфашысцкага мерапрыемства (напэўна, такім чынам хуліганы ваявалі з ідэалагічнымі апанентамі). Паліцыя высачыла падазроных беларусаў праз гатэль і перад матчам наведалася на вуліцу Лаваньіні.
Калі італьянскія праваахоўнікі паставілася да сіне-белых фанатаў ліберальна, ці не зоймуцца імі беларускія праваахоўныя органы?
Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова паведаміла Еўрарадыё, што тэрытарыяльнасць — базавы прынцып міжнароднага права. Выходзіць, раз сітуацыя здарылася за мяжой, то і прававую ацэнку дзеянням фанатаў могуць даваць толькі там.
Асноўная група фанатаў, якая прыехала на матч санкцыянавана, неанацысцкімі сімваламі на трыбунах не вызначылася
У Міністэрстве ўнутраных спраў таксама не ведаюць пра нейкія праверкі ў дачыненні да фанатаў, якія ўчынілі выхадку ў Італіі.
Прэс-служба ФК “Дынама-Мінск” таксама пазбягае гутарак пра бойку:
“Пакуль мы каментарыяў на гэты конт не даём. А наконт таго, што гісторыя прашумела, самае галоўнае, што каманда перамагла”.
Але меркаваць, што асобныя фанаты “Дынама-Мінск” выйшлі сухімі з вады, наіўна. Усе іх спісы трапілі да беларускіх дыпламатаў. Несумненна, адтуль іх могуць перадаць у кампетэнтныя ведамствы Беларусі. Фармальна 13 чалавек будуць судзіць у Італіі ўлетку. З цяжкасцю верыцца, што нашы фігуранты паедуць удзельнічаць у працэсе. Затое лёгка ўяўляецца, што 61 затрыманага фаната не толькі на пяць год забароняць пускаць на стадыёны Італіі, але і створаць ім праблемы з атрыманнем шэнгенскай візы. Тут футбольнікі змогуць адчуць сябе беларускімі чыноўнікамі, якіх Еўрасаюз уключыў у чорны спіс пасля выбараў-2010.
ФОТА з архіву паліцыі Фларэнцыі і з сацыяльных сетак фанатаў "Дынама-Мінск"