Фанк у Мінску (фотарэпартаж)

Еўрарадыё наведала самую дарагую вечарыну на выхадных — фанк-батл нямецкага 7Samurai і беларускага DJ Laurel. Канешне, “батл”, то бок спаборніцтва, якое прайшло 15 траўня ў мінскім клубе The Black Door — гэта так, за вушы прыцягнутая метафара, прыцягнутая самімі агранізатарамі дзеля настрою.



“Гэта спантанная была ідэя, кампраметуючая” — сказаў Еўрарадыё DJ Laurel, ён жа Лаўр, ён жа прома-група Sounddiving, які і запрасіў у Мінск нямецкага ды-джэя 7Samurai.



Кампрамат, здаецца, таксама быў прыцягнуты за вушы, таму што падчас вечарыны ніхто нікога не кампраметаваў. Ды-джэі, якія гралі па чарзе, актыўна падтрымлівалі адзін аднаго, прыгаворваючы “Толькі паслухайце, як грае!”. І напрыканцы, зразумела, перамагло “сяброўства”.



Ну, і скончым на гэтым пра “батл”. Давайце лепш паглядзім, як увогуле праходзяць фанкавыя ночы ў Мінску. Па сакрэце, гэта і было галоўнай мэтай Еўрарадыё на вечарыне.









Як ужо было адзначана, месцам дыслакацыі фанку з'яўляецца даволі дарагі клуб The Black Door, так званае “закуліссе” клуба Vienna. Палітыка клубу — арыентацыя на “дарагую” публіку. У выніку ўваходны квіток каштуе каля 60 тысяч і “ў кедах не пускаюць”.





Фанкавыя вечарыны з замежнымі цікавымі ды-джэямі арганізуе там Dj Laurel.



Асноўныя наведвальніцы — дзяўчаты, якіх просты чалавек адразу назваў бы “гламурнымі”, а які-небудзь прадстаўнік андэграўнду ўвогуле аблаяў новамодным словам “шмары”.





Еўрарадыё ж ярлыкоў не любіць, і, добра прыглядзеўшыся, сярод публікі заўважыла шмат “сваіх” людзей — як то сяброў “Свабоднага тэатру”, з якімі шчыльна супрацоўнічае Лаўр, бармэнаў атмасферных гарадскіх кавярняў “Лондан” і “Стары Менск”, ці вось арт-дырэктара галерэі «Падземка» Аню Чыстасердаву, якая, дарэчы, прызналася, што, якіх бы замежных ды-джэй-зорак не прывозіў Лаўр у Мінск, ёй заўсёды больш падабаецца ён сам.



“Не першы раз пераконваюся, што музыка, якую грае і пазіцыянуе Лаўр, яна, нейкая, больш жывая і родная. І не таму, што я яе ўжо шмат разоў чула, а таму, што яна зыходзіць аднекуль глыбей, чым ад вяртух ці дынамікаў. Яна ад сэрца”, — сказала Аня.



Сам DJ Laurel, калі характарызаваў сваю аўдыторыю, казаў, што бачыць сярод іх адукаваных і адкрытых людзей:

“Мае вечарыны арыентаваныя на open-minded people, якія любяць цікавы і эксклюзіўны прадукт, і які ў Мінску, на жаль, не часта можна пачуць. А што да The Black Door, то з імі я пачаў супрацоўнічаць 1,5 года таму. Першы праект быў Bonobo. А пасля яго я працягнуў серыю вечарын з замежнымі top-level артыстамі. Гэтыя вечарыны аб’яднаныя назвай “Найбольш цікавыя гукі ў горадзе”.



Цікава адзначыць, што ды-джэй Laurel заўсёды стаяў асобна ад беларускай электроннай сцэны. І афішы ягоных мерапрыемстваў не знойдзеш на звычайных інтэрнэт-парталах, прысвечаных начному жыццю горада.

“Так атрымалася, што 9 год таму я пачаў анансаваць прадукт, які быў па-за агульным кантэкстам вечарын у Мінску. Гэта былі боса-нова і нью-джаз. І гэта мяне высунула ў non-profit фармат, і таму, я заўсёды трымаўся асобна ад ўсіх і самастойна развіваў гэтыя накірункі” — сказаў Лаўр.



Еўрарадыё асобна пацікавілася наконт пераважнай большасці дзяўчат на вечарынах у The Black Door. На што Лаўр зазначыў:

Лаўр: Ведаеш, у Беларусі ўвогуле вельмі шмат дзяўчат, няўжо гэта яшчэ здзіўляе?
ЕРБ: Але на тэхна-вечарынах неяк роўна дзяўчат і хлопцаў.
Лаўр: Ну, фанк — гэтая больш эмацыйная музыка, у першую чаргу гэта душа. І дзяўчаты, магчыма, больш адчуваюць гэты мэсэдж.
ЕРБ: А хлопцы папросту шкадуюць 60 тысяч за квіток…
Лаўр: (смяецца, а потым дадае нешта кшталту, што не можа каментаваць цэнавую палітыку клубу).



Яшчэ адзначым, што музыка на вечарынах ад DJ Laurel сапраўды вясёлая і сонечная. Шкада, праўда, што ўсе гэтыя фанк, дыска, лаціна, андэграунд-хіп-хоп і рэгі-джэм застаюцца схаваныя за “чорнымі дзвярыма” — ды-джэй сказаў, што граць дзесьці ў больш дэмакратычным месцы і прывозіць туды замежных зорак на сённяшні дзень ён не бачыць магчымым.



Так што збірайце грошы, набывайце туфлі і хадзіце на “найбольш цікавыя гукі горада”.

Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі