ФБР абшукала рэзідэнцыю Дональда Трампа ў Фларыдзе
ФБР абшукала рэзідэнцыю Дональда Трампа ў Фларыдзе, піша "Голас Амерыкі". Экс-прэзідэнт ЗША заявіў пра "неправамерныя дзеянні пракуратуры", але не назваў прычыны ператрусу. Трамп лічыць, што яго палітычныя праціўнікі не хочуць, каб ён балатаваўся на пасаду прэзідэнта ў 2024 годзе. У сваёй заяве ён адзначае, што "нічога падобнага ніколі не здаралася з прэзідэнтам ЗША", агенты ФБР нават ускрылі яго сейф.
"Бі-Бі-Сі" нагадвае, што яшчэ вясной у Мінюсце ЗША распачалі расследаванне па факце вывазу Дональдам Трампам у сваю рэзідэнцыю афіцыйных прэзідэнцкіх дакументаў. Там выявілі 15 скрынак з дакументамі, некаторыя з якіх утрымлівалі сакрэтныя матэрыялы. Трамп пагадзіўся іх перадаць у Нацыянальны архіў.
Падчас ператрусу Дональда Трампа ў рэзідэнцыі не было, ён знаходзіўся ў Нью-Ёрку.
Трамп займаў пасаду прэзідэнта ЗША ў 2017-2021 гадах. І ён хоча паўдзельнічаць у наступных выбарах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.