Фестываль "Рок па вакацыях" вяртаецца з новымі зоркамі! (відэа)

Славуты беларускі фестываль "Рок па вакацыях" вяртаецца. Сёлета ён пройдзе на пачатку верасня пры падтрымцы Еўрарадыё і музычнай прэміі "Даём рады". Плануецца, што імпрэза ў фармаце рок-пікніка будзе базавацца на адкрытай пляцоўцы мінскага рэстарана "Друзья" (Бірградэн).

Лайн-ап фэсту і падрабязнасці мы назавем пазней, але чакаецца, што ўдзел возьмуць намінанты і пераможцы музычнай прэміі "Даём рады" розных гадоў. Адзін з гуртоў будзе абраны праз галасаванне на сайце Еўрарадыё. Падрабязнасці неўзабаве!

Фестываль "Рок па вакацыях" ўпершыню прайшоў 1 верасня 1993 года і карыстаўся вялікай папулярнасцю цягам наступных 5 гадоў. На ім выступалі зоркі і пачынальнікі беларускага рока: "Мроя" (пасля N.R.M.), "Уліс", "Крама", "Новае неба", Rouble Zone, "Тарнада", Аляксей Шадзько і іншыя. У 1996-м была запісаная відэаверсія фэсту, якая працяглы час паказвалася на тэлебачанні і распаўсюджвалася на відэакасетах. З 1998 года быў перапынак і адраджэнне ў 2008 годзе.

І вось сёлета фэст вяртаецца ў чарговы раз і з новымі героямі беларускага рока. Нязменнай застаецца яго асноўная ідэя ― нефармальная тусоўка для школьнікаў, студэнтаў і ўсіх аматараў добрай музыкі. Арганізатары фестывалю і музычная ініцыятыва "Даём рады" прапануюць разам праводзіць лета з самымі яскравымі, драйвовымі і актуальнымі гуртамі гэтага года!

Сустрэчы Вконтакте і Facebook

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі