На "Даём рады" у Re:Public будзе гук, як на Мінск-арэне
Такое ж абсталяванне выкарыстоўвалі Korn і "Океан Эльзи" падчас сваіх выступаў у Беларусі.
Падчас фестывалю "Даём рады" ў клубе Re:Public упершыню будзе ўсталяваны высакаякасная апаратура сістэмы Vertec, якая ўключыць у сябе лінейны масіў з магутнасцю да 70 кілават гуку (стандартная апаратура клуба выдае толькі 16)!
"Гэта абсталяванне топ-класа, з якім выступаюць усе сусветныя зоркі, — распавядае дырэктар агенцтва па пракаце апаратуры Stage Servise Дзмітрый Дарожка. — Напрыклад, у свой мінулы прыезд у Мінск гурт Korn выступаў на такім жа абсталяванні. Такое ж абсталяванне выкарыстоўвалася падчас выступу "Океана Эльзи" у "Мінск-Арэне". Яно ж будзе суправаджаць лютаўскі тур "ДДТ" па Беларусі".
Нагадаем, фестываль "Даём рады" адбудзецца ў пятніцу 13 лютага. Падчас яго Еўрарадыё ўручыць узнагароды лепшым музыкам 2014 года. На фэсце выступяць гурты Haina, "Мутнаевока", "РСП", Akute і Trubetskoy.
Пачатак канцэрта ў 18.00. Кошт квіткоў 250 тысяч (танцпляц), 310 (столік). У дзень канцэрта — 280 тысяч і 350 тысяч адпаведна.