Фінляндыя адкрыла два КПП на мяжы з Расіяй
У пункце пропуску на фінска-расійскай мяжы
Фінляндыя адкрыла два пункты пропуску на мяжы з Расіяй. Ноччу адкрыўся КПП "Ваалімаа", раніцай — "Ніірала". Астатнія пункты пропуску на фінска-расійскай мяжы пакуль застаюцца закрытымі. Але калі сітуацыя з мігрантамі вырашыцца, то і іх могуць адкрыць да сярэдзіны студзеня, прыводзіць словы кіраўніцы МУС Фінляндыі Мары Рантанен рэсурс yle.fi. Калі ж у адкрытых пунктах пропуску зноў з'явяцца мігранты, пераходы закрыюць.
Паводле звестак памежнай службы, з поўначы праз КПП "Ваалімаа" ў Расію заехалі 250 чалавек, у Фінляндыю — блізу 100. У большасці людзей было альбо падвойнае грамадзянства, альбо від на жыхарства. Просьбітаў прытулку ў адкрытых пункта пропуску ў першыя гадзіны працы не было.
Нагадаем, Фінляндыя закрыла ўсе пункты пропуску на мяжы з Расіяй з 30 лістапада. Такое рашэнне было прынята праз вялікую плынь просьбітаў прытулку. У Хельсінкі пачалі падазраваць, што гэты працэс носіць кіраваны характар і мігрантам дапамагаюць трапіць у ЕС расійскія ўлады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.