"Форма" для настаўнікаў з'явіцца ў некаторых мінскіх школах
Новы элемент школьнай формы павінен з'явіцца і ў вучняў / ілюстрацыйнае фота БЕЛТА
Некаторыя мінскія школы патроху ўводзяць адзіны стыль адзення для педагогаў, паведамляе агенцтва "Минск-Новости" са спасылкай на старшыню Камітэта адукацыі Мінгарвыканкама Андрэя Стрыгельскага. Чыноўнік нагадаў, што ў Беларусі існуе правіла: настаўнікі павінны прытрымлівацца афіцыйна-дзелавога стылю адзення. Але некаторыя школы пачалі ўводзіць дадатковыя патрабаванні. "Гэта дзелавыя касцюмы пэўнага колеру або адметны элемент", — распавядае Стрыгельскі.
Чыноўнік таксама нагадаў, што ў новым навучальным годзе ў вучняў павінен з'явіцца яшчэ адзін абавязковы элемент школьнай формы. Гэтым "элементам можа стаць пінжак пэўнага колеру або фасону, штаны, гальштук ці нешта яшчэ". Са слоў Стрыгельскага, у некаторых установах "ужо прыйшлі да адзінага камплекта школьнага адзення". І такіх школ у Мінску шмат, сцвярджае чыноўнік. Ён яшчэ раз паспрабаваў растлумачыць, навошта ў Беларусі спрабуюць вярнуць школьную форму.
"З аднаго боку, гэта адметны знак, а з другога — дапамога ў фарміраванні і выхаванні ў вучняў пачуцця гонару за сваю ўстанову. Гэта спрыяе згуртаванню калектыву", — лічыць чыноўнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.