Фота ў мінскім метро забаранілі, каб не паказваць яго ў "непрывабным выглядзе"
Забарону на фотаздымкі ў мінскім метро адмяняць не плануецца. Пра гэта 3 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў прэс-сакратар метрапалітэна Андрэй Кузьмін.
На яго думку, якую перадае БелаПАН, рашэнне пра забарону фотаздымкаў у метро было прынятае, "бо людзі часам пераходзяць межы разумнага і дазволенага". Кузьмін патлумачыў: "У выніку ў сацыяльных сетках і СМІ з'яўляліся фатаграфіі, якія паказвалі метрапалітэн ў зусім непрывабным выглядзе".
Аматараў сэлфі і турыстаў, якія хочуць зрабіць фатаграфіі ў метро, па словах Кузьміна, не столькі многа, як у Маскве ці Санкт-Пецярбургу. Ён згадаў прыклад, калі адзін з аператараў беларускага тэлеканала з дазволу кіраўніцтва метро здымаў цягнік і ледзь не трапіў пад яго.
Намеснік дырэктара метрапалітэна Алег Круглоў адзначыў, што забарона на здымкі апраўдваецца меркаваннямі бяспекі: "Чалавек, які здымае, сябе не кантралюе і перашкаджае нармальнаму праходу пасажыраў, гэта можа прывесці ў нейкіх абставінах да траўміравання".