Фотафакт: Лукашэнка прыляцеў у Бішкек
Аляксандр Лукашэнка ўвечары 15 верасня прыляцеў з рабочым візітам у Бішкек. У пятніцу ў сталіцы Кыргызстана ён возьме ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц СНД. У парадку дня налічваецца каля 15 пытанняў.
Зусім магчыма, што Аляксандр Лукашэнка пагаворыць з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным пра цану на расійскі газ для Беларусі. Як паведамляла Еўрарадыё, Беларусь і Расія не дамовіліся пра яе. Перамовы з беларускага боку вёў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Нядаўна падчас сустрэчы з ім Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, пры неабходнасці, гатовы паразмаўляць "пра газ" у Бішкеку з Уладзімірам Пуціным. Зусім верагодна, што заўтра праблема можа быць вырашана.