Францыя працуе над стварэннем спецтрыбунала для расследавання дзеянняў Расіі
Наступствы расійскага ракетнага ўдару ва Украіне / https://www.facebook.com/MNS.GOV.UA
Францыя пачала сумесную працу з еўрапейскімі і ўкраінскімі партнёрамі над стварэннем спецыяльнага трыбунала па "злачынству агрэсіі" Расіі ва Украіне. Пра гэта паведамляецца на сайце французскага Міністэрства замежных спраў. Адзначаецца, што "барацьба з беспакаранасцю за злачынствы, учыненыя ва Украіне ў выніку расійскай агрэсіі, з'яўляецца для Францыі прыярытэтам". "Мы мабілізавалі падтрымку як украінскай юстыцыі, так і Міжнароднага крымінальнага суда, якія кампетэнтныя праводзіць бесстароннія і незалежныя расследаванні, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых у гэтых злачынствах", — паведамляе МЗС Францыі.
У сераду стварыць спецтрыбунал пад эгідай ААН для расследавання дзеянняў РФ ва Украіне прапанавала кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Паводле яе слоў, стаіць задача дасягнуць максімальна шырокага кансенсусу ў міжнароднай супольнасці па гэтым пытанні. Прапанову аб стварэнні спецтрыбунала магчыма правесці праз Генеральную асамблею ААН.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.