Фукуяма: Новым лідарам расійскай апазіцыі можа стаць жонка Навальнага

Юлія Навальная падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай 16 лютага 2024 года ў Мюнхене

Юлія Навальная падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай 16 лютага 2024 года ў Мюнхене / @tsikhanouskaya

Амерыканскі філосаф і палітолаг Фрэнсіс Фукуяма мяркуе, што ўзначаліць расійскую апазіцыю і прадоўжыць справу Аляксея Навальнага змогуць яго жонка Юлія ці дачка Дар'я. Словы Фукуямы прыводзіць "Новая газета. Еўропа" са спасылкай на Financial Times.

"Юлія — вельмі валявая жанчына, так што, магчыма, яна зможа прыняць эстафету. Але гэта будзе вельмі і вельмі цяжка. У яго было ўнікальнае пачуццё гумару, і ён мог казаць рэчы, якія падабаліся звычайным людзям так, як не падабаліся многія іншыя дзеячы апазіцыі. Ці ёсць у яе такая здольнасць, нам яшчэ трэба паглядзець", — кажа філосаф.

16 лютага, пасля таго як стала вядома пра смерць Аляксея Навальнага, Юлія Навальная выступіла на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Яна заклікала свет згуртавацца супраць рэжыму Уладзіміра Пуціна.

"Я хачу, каб Пуцін, усё яго атачэнне, пуцінскія сябры, ягоны ўрад ведалі, што яны панясуць за тое, што яны зрабілі з нашай краінай, з маёй сям'ёй і з маім мужам, адказнасць. І гэты дзень наступіць вельмі хутка. Я хачу заклікаць усю сусветную супольнасць, усіх, хто знаходзіцца ў гэтай зале, людзей ва ўсім свеце, каб мы разам згуртаваліся і перамаглі гэта зло. Перамаглі жахлівы рэжым, які цяпер у Расіі. І гэты рэжым, і Уладзімір Пуцін павінны панесці персанальную адказнасць за ўсе жудасныя рэчы, якія яны робяць з нашай краінай Расіяй у апошнія гады".

Таксама ў Мюнхене Навальная сустрэлася са Святланай Ціханоўскай. Іх сустрэча прайшла ў закрытым фармаце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі