"Галоўнае ВУП, а пра цэны падумаем заўтра": чаму Нацбанк зніжае ключавую стаўку
Маніторынг цэн у Беларусі восенню 2022 года. Мінулы скачок цэн каштаваў некаторым бізнесоўцам свабоды / ganc-chas.by
Нацбанк з 31 траўня знізіць стаўку рэфінансавання з 10 да 9,75% гадавых. Улады разлічваюць, што так беларусы пачнуць траціць больш, аднак расплачвацца за гэта давядзецца ростам цэн. Перадумовы да таго, што інфляцыя зноў пачне расці ў канцы лета — пачатку восені, ужо ёсць, кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.
Даведаліся, навошта Нацбанк вырашыў знізіць стаўку, чаму не хоча звяртаць увагу на пагрозы росту інфляцыі і што гэта ўсё значыць для беларусаў.
Павысіць ВУП цяпер, а з цэнамі потым разбяромся
Нацбанк паступова зніжае стаўку рэфінансавання з 23 студзеня 2023 года. Гэта адбываецца на фоне запаволення інфляцыі. Па выніках красавіка рост цэн у гадавым выражэнні склаў 4,7% супраць 6% па выніках сакавіка. Вонкава дзеянні Нацбанка выглядаюць лагічна, адзначае Дзмітрый Крук.
Калі інфляцыя расце, з дапамогай павышэння стаўкі рэфінансавання можна сціснуць попыт — крэдыты для людзей і бізнесу робяцца даражэйшымі, а зберагаць грошы ў банку выгадней. Значыць, траціць будуць менш, і попыт на тавары і паслугі будзе зніжацца. Услед за гэтым зніжаюцца і цэны.
Яшчэ ў банкаў ужо больш за год зашмат грошай, якія ляжаць без справы. Гэта праблема залішняй ліквіднасці. Яе Нацбанк таксама можа спрабаваць вырашыць зніжэннем стаўкі, дапускае эканаміст.
— Банкі не бачаць патэнцыйна прывабных пазычальнікаў, якія пры цяперашнім узроўні рызык разглядаліся б як цікавыя для прадстаўлення крэдытаў.
Адпаведна вялікая колькасць грошай збіраецца ў свабодных рэзервах банкаў, не трапляючы ў эканоміку. Улады бачаць у гэтым праблему ў тым плане, што гэта зніжае эфектыўнасць аддачы ад стымулаў [накшталт зніжэння стаўкі рэфінансавання. — Еўрарадыё], якія яны спрабуюць накіраваць у эканоміку.
Зніжэнне ставак з пазіцыі ўладаў, думаю, яшчэ і заклікана стаць дадатковым матыватарам для банкаў усё ж павялічыць сваю крэдытную актыўнасць. І, у прынцыпе, мы бачым, што гэта паволі адбываецца. А што да пагрозы інфляцыі ўлады дзейнічаюць па логіцы "я падумаю пра гэта заўтра".
Рост цэн зноў можа стаць двухзначным
Інфляцыя непазбежна пачне расці ўвосень, а можа, і раней, лічыць эканаміст. Інфляцыя — інерцыйная з'ява. Часцяком перадумовы для яе росту або зніжэння з'яўляюцца за некалькі кварталаў да таго, як праявяцца.
— З пачатку года ўжо фармуюцца перадумовы для паскарэння інфляцыі. Пакуль застаецца адкрытым пытанне, наколькі моцным і рэзкім будзе паскарэнне.
Гэта залежыць ад шэрагу прычын. Напрыклад, ад таго, як будзе далей паводзіць сябе Нацбанк.
— Яшчэ важная гісторыя — як будзе сябе адчуваць попыт. Нацбанк яго паспрабуе прастымуляваць сваімі метадамі. Але ён вельмі моцна залежыць і ад знешняй кан'юнктуры.
Калі Нацбанк цяпер замрэ з далейшым змякчэннем палітыкі, у дынаміцы курсу і ў попыце на беларускі экспарт новых шокаў не будзе, тады да канца года інфляцыя будзе ў раёне сямі працэнтаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.