Галоўны "Оскар" атрымаў фільм "12 гадоў рабства"
86-я цырымонія ўручэння кінапрэміі "Оскар" прайшла сёння ў кінатэатры Dolby Theatre ў Лос-Анджэлесе.
Галоўны прыз Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук ЗША за лепшы фільм 2013 года атрымала гістарычная драма "12 гадоў рабства" рэжысёра Сціва Макуіна, інфармуе РІА "Новости".
Фільм-пераможца, заснаваны на рэальнай гісторыі цемнаскурага вольнага мужчыны, прададзенага ў рабства, сабраў усе магчымыя ўзнагароды яшчэ да "Оскара" і лічыўся адным з асноўных прэтэндэнтаў на перамогу.
Атрымоўваючы галоўны "Оскар", рэжысёр Сціў Макуін адзначыў, што прысвячае ўзнагароду "ўсім людзям, які перажылі рабства, і яшчэ 21 мільёну, якія жывуць ў рабстве сёння".
Лепшай актрысай другога плану за ролю ў фільме "12 гадоў рабства" стала Люпіта Ніонга. Сцэнарыст фільма Джон Рыдлі атрымаў "Оскар" за лепшы адаптаваны сцэнар.
Больш за ўсё "Оскараў" дасталася касмічнай драме "Гравітацыя". У прыватнасці, Альфонса Куарон быў прызнаны лепшым рэжысёрам, а Эмануэль Любецкі — лепшым аператарам. Прыз за лепшы саўндтрэк атрымаў аўтар музыкі да "Гравітацыі" Стывен Прайс.
"Оскар" за лепшую жаночую ролю атрымала Кейт Бланшэт, якая сыграла ў фільме Вудзі Алена "Жасмін". Прыз за лепшую мужчынскую ролю дастаўся Мэцью Маконахі за ігру ў "Даласкім клубе пакупнікоў". Лідар 30 Seconds to Mars Джарэд Лета стаў лепшым акцёрам другога плану. Дарэчы, атрымаўшы статуэтку, рок-музыка і акцёр заявіў: "Дэманстранты ва Украіне і Венесуэле. Мы думаем сёння пра вас".
"Лепшым замежным фільмам" стала стужка "Вялікае хараство" італьянскага рэжысёра Паола Сарэнціна.
Амерыканскі рок-музыка, атрымаўшы "Оскара", падтрымаў Украіну (відэа)
Фота — Fox Searchlight, Reuters