“Мяне прымалі за паляка”. Як хлопец з Расіі вывучыў беларускую мову
Янка
Янка (ці Іван) нарадзіўся ў Калінінградзе, а ў 2017 годзе пераехаў у Мінск. Перад гэтым хлопец вывучыў беларускую мову і ў беларускай сталіцы цалкам на яе перайшоў.
Цяпер ён жыве ў Варшаве, дзе Еўрарадыё сустрэлася з ім, каб даведацца, як вывучыць беларускую мову з нуля.
— Якое было тваё першае беларускае слова?
— Няма. Мая бабуля, татава маці, жыла ў Калінінградскай вобласці. Я быў яшчэ зусім малы, недзе ўдарыўся, балела ці то рука, ці то нага. А яна кажа: “Няма болю”. І вось гэтае слова “няма” я спачатку не зразумеў.
Потым, бліжэй на канца сярэдняй школы, я задумаўся, чаму б не паступаць у Мінск. Тады была натуральнай думка, як гэта рабіць, не ведаючы беларускай мовы.
Я пачаў шукаць больш грунтоўны падручнік, каб не проста чытаць, а навучыцца гаварыць і пісаць. Тады на мадэмным інтэрнэце я патраціў шмат часу, каб знайсці яго — і знайшоў.
Адзін з падручнікаў [“Гавары са мной па-беларуску” — Еўрарадыё] мяне здзівіў, бо там было напісана не "Мінск", а "Менск". І я дадаткова пачаў знаёміцца з паралельнай гісторыяй, даведаўся, што ёсць два правапісы і ўвогуле падвойная і глыбокая гісторыя самой Беларусі.
— Як ты вучыў мову?
— Спачатку быў падручнік. Вядома, ён у мяне доўга ляжаў, бо я троху адсунуў ідэю пераязджаць у Мінск. Мяне пераканалі застацца ў Калінінградзе. Але я перыядычна яго гартаў.
Быў момант, калі я выпадкова злавіў увечары ці то “Радыё Свабода”, ці то “Радыё Рацыя”. І там быў “Тузін Гітоў”, я слухаў музыку.
Потым знаходзіў інфармацыю ў ВК, і там было ўсё, у тым ліку радыкальныя беларускія суполкі, дзе ледзь не рыхтаваўся захоп Смаленску.
Яшчэ на мяне зрабіў уплыў спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”.
— Якія гурты цябе заводзілі ў беларускі свет?
— Аднымі з першых, каго я слухаў, былі B:N:, Паліна Рэспубліка (пакуль яна спявала па-беларуску), Лявон Вольскі, “Дзецюкі”.
Трэба дадаць, што пакуль я жыў у Калінінградзе, я пачаў шукаць беларусаў там. Высветлілася, што ёсць цэлая суполка. Спачатку я думаў, што яна пралукашэнкаўская, што гэта такія савецкія беларусы. Але высветлілася, што гэта бел-чырвона-белыя змагары за беларускую Беларусь.
Я пазнаёміўся са старшынём суполкі. Ён мяне пазнаёміў і з “Дзецюкамі”, і з Кірчуком, і з Алесем Пушкіным (вельмі добра запомніў гэтую сустрэчу, вельмі цёплы чалавек быў).
Высветлілася, што нейкі час у Калінінградзе працавала беларуская ўніяцкая царква.
Пасля 2014 году гэта ўсё пачало прыпыняцца праз агрэсію Расіі. Я тады таксама задумаўся, што не хачу жыць у краіне, якая вядзе такую палітыку.
Гэта быў апошні год, калі наша суполка брала ўдзел у Свяце народаў, калі ўсе дыяспары, прадстаўнікі розных народаў ладзяць кірмаш і прэзентуюць сваю культуру. Пасля 2014 году гэта ўсё скончылася.
Пачалі з’яўляцца навіны, як каго ўціскаюць. Маўляў, у Калінінградзе пачынаецца “паўзучая германізацыя”, пачалі змагацца з усім нямецкім, бо нямецкія фонды актыўна працавалі ў Калінінградзе, штосьці аднаўлялі, давалі грошы на музеі, ініцыятывы, навучальна-асветніцкія ўстановы.
Пачалася прапаганда супраць Украіны, заўважна павялічылася колькасць вайскоўцаў.
Я задумаўся пра пераезд. Падумаў — калі я беларус, дзе яшчэ я пазнаёмлюся з беларускай культурай, як не ў Беларусі?
Гэта быў 2017 год. Я ўжо скончыў універсітэт. Трошку паспеў павандраваць. Цікава, што ў Расіі я быў у Калінінградскай вобласці, Санкт-Пецярбургу і на радзіме маці ў Растоўскай вобласці на памежжы з Украінай.
Дзіўна, што за ўсё жыццё ў Маскве я быў тры разы, і тое праездам некалькі гадзін.
— Калі ты пераехаў у Беларусь, да чаго ты рыхтаваўся? Гэта ж як “новая старонка жыцця”? Вядома, ты быў там раней, але любы пераезд — гэта чаканне нечага новага.
— Я шмат чытаў пра Беларусь, пра сітуацыю ў Беларусі. Я ведаў пра рэжым Лукашэнкі, пра ўсе “плошчы”. Я ўяўляў, што еду не ў суперсвабодную краіну, але туды, дзе ёсць актывісты і зацікаўленыя ў беларускай культуры людзі.
Пераязджаў я, маючы дыстанцыйную работу: я рыхтаваў дакументы на візы. Патроху працаваў, трэба было шукаць сталую працу ў Беларусі. Паводле адукацыі я географ, але знайшоў працу ў рэкламнай агенцыі, потым папрацаваў у “Вэлкоме”.
Я хацеў знайсці працу, дзе мог бы спакойна практыкаваць і гаварыць па-беларуску, сустракаць беларускамоўных людзей. На “Вэлкоме” было шокам і захапленнем, што нейкі іншаземец з Расіі пачынаў размаўляць па-беларуску,— бо ніхто не мог. Мяне гэта не задавальняла, ды і праца не была суперпрыемная.
Выпадкова склалася, што я адгукнуўся на абвестку крамы адзення. Яны шукалі СММ, я меў досвед вядзення сацсетак.
Я адразу сказаў, што я не суперспецыяліст, калі хочаце — магу паспрабаваць, мо ёсць іншыя вакансіі. Ім патрэбны быў яшчэ прадавец. Тут досвед у мяне быў большы.
Мяне ўзялі. Сам калектыў быў беларускамоўны, ды і ў краму прыходзілі людзі па беларускасць. Там было вельмі проста пачаць свабодна гаварыць.
Так, дагэтуль я быццам вучыўся, мог нешта прасіць, чытаць, але гэта было пасіўнае. Калі я прыехаў у Мінск, то думаў, што буду гаварыць толькі па-беларуску, а тут выходзіш, і на тваё беларускае ўсе адказваюць па-руску. Гэта б’е па імпэце, упэўненасці. А ў гэтай працы я пачаў гаварыць толькі па-беларуску.
@euroradio.lite Янка (ці Іван) нарадзіўся ў Калінінградзе, а ў 2017 годзе пераехаў у Мінск. Перад гэтым хлопец вывучыў беларускую мову і ў беларускай сталіцы цалкам на яе перайшоў. Цяпер ён жыве ў Варшаве, дзе @euroradio сустрэлася з ім, каб даведацца, як вывучыць беларускую мову з нуля. Падрабязней — на нашым сайце (спасылка ў апісанні профілю). #беларусь #беларускаямова ♬ original sound - Еўрарадыё.Лайт
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.