Гамельчука асудзілі за наёмніцтва на баку "казакоў ЛНР"
У Гомельскім абласным судзе завяршыўся працэс над 29-гадовым мясцовым ураджэнцам, які служыў у казацкім палку на тэрыторыі так званай "ЛНР", піша "Гомельская праўда".
Як паведаміла абвінавачанне, напрыканцы лета 2015 года мужчына выехаў праз памежны пункт з Расіі ва Украіну. На тэрыторыі так званай "Луганскай народнай рэспублікі" гамяльчук уступіў у казачы полк, дзе яго залічылі ў шарагоўцы. Там яму выдалі службовае пасведчанне, баявую зброю, форменнае абмундзіраванне і прадукты харчавання. У складзе гэтага ўзброенага фармавання мужчына амаль год удзельнічаў у ваенных вучэннях, навучальных стрэльбах, выконваў гаспадарча-бытавыя ды іншыя задачы.
На судзе мужчына пагадзіўся, што служыў у казачым палку, але заявіў, што не быў вайскоўцам, не меў агнястрэльнай зброі і не ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях. Па словах гамельчука, ён уступіў у расійскае грамадскае аб'яднанне і прыняў прысягу на вернасць. Пасля гэтага яго, нібыта, адправілі з гуманітарнай місіяй на тэрыторыю Украіны, якая знаходзіцца пад контролем так званай "ЛНР". Там ён прабыў да студзеня 2017 года, перыядычна выязджаючы ў Растоўскую вобласць Расіі, а потым вярнуўся дадому, у Гомель.
Гамяльчук паведаміў, што казакі палка, у якім ён лічыўся, вялі баі на баку "ЛНР", але сам полк як ваеннае падраздзяленне ў баях не ўдзельнічаў. Мужчына распавёў, што ён зібраў і размяркоўваў гуманітарную дапамогу, а таксама збіраў звесткі для казацтва і рабіў інфармацыйныя ролікі, удзельнічаў у стварэнні базы даных вайскоўцаў дзвюхх іншых часцей "ЛНР" і выконваў розныя даручэнні.
Мужчына пацвердзіў, што насіў форму казака і меў службовае пасведчанне, якое яму выдалі яшчэ ў Растоўскай вобласці для бесперашкоднага праезду праз блок-пасты на тэрыторыі "ЛНР" пры перавозцы гуманітарнай дапамогі. Праўда, у гэтым пасведчанні было пазначана, што ён залічаны ў іншы ваенны гарнізон. Гэта мужчына патлумачыць не змог, як і наяўнасць у яго агнястрэльнай зброі.
Гамельчука прызналі вінаватым у наёмніцтве і прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.