Гары Паганяйла: Статус вязня сумлення практычна нічога не дае чалавеку
Праваабаронца тлумачыць, як выглядае працэдура прызнання кагосьці палітвязнем і навошта яна існуе.
Еўрарадыё: У Расіі Amnesty International вельмі лёгка прызнае асобаў, якіх пераследуюць за палітычную актыўнасць, вязнямі сумлення. Сяргея Каваленку, маладафронтаўцаў і нават Юлію Цімашэнку вязнямі сумлення не прызнаюць. Чаму мы маем праблему з гэтым?
Гары Паганяйла: Я пачаў бы з таго, што, у прынцыпе, Беларусь не мае праблемаў з тым, што асобы, якія асуджаныя па крымінальных артыкулах на пазбаўленне волі, прызнаюцца вязнямі сумлення ці палітзняволенымі, калі ў справе прысутнічае палітычны кампанент. Ніякага юрыдычнага значэння такое прызнанне не мае, але ў пэўнай ступені ўплывае на ўзаемаадносіны паміж урадамі заходніх краін і Беларусі. У прыватнасці, палітзняволенымі былі прызнаныя больш за дзясятак нашых грамадзянаў. Ёсць некалькі арганізацый, якія адсочваюць сітуацыю са зняволеннем грамадзянаў па палітычных матывах. Гэта Amnesty International, гэта Савет Еўропы, гэта Еўрапарламент і іншыя. Там распрацаваныя адпаведныя крытэрыі ўнясення ў спісы вязняў сумлення, палітзняволеных, ахвяраў рэжыму – тут розныя ступені і тэрміны. Але казаць, што Беларусь у гэтым плане ігнаруецца, нельга. У нас ёсць палітзняволеныя, пра якіх шмат гаворыць Еўропа, і ставіць перад урадам Беларусі пытанне пра іх вызваленне і рэабілітацыю. Сяргей Каваленка, наколькі мне вядома, таксама прызнаны вязнем сумлення па справе, па якой ён быў асуджаны першапачаткова. Па адміністрацыйных справах не ўсе прызнаюцца вязнямі сумлення, бо перамовы расцягваюцца па часе, людзі за гэты час адбываюць пакаранне і ўжо не знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Таму з адміністрацыйнымі справамі складаней, але праваабарончыя арганізацыі, палітычныя арганізацыі ў Беларусі іх прызнаюць і ахвярамі рэпрэсій, і палітзняволенымі. Гэта справа палітыкаў і праваабаронцаў – вызначаць па адпаведных крытэрыях, якія могуць быць у кожнай краіне сваімі, але абапіраюцца на міжнародныя дакументы.
Еўрарадыё: А што рэальна дае чалавеку статус вязня сумлення?
Гары Паганяйла: Практычна ён нічога не дае, ён не мае аніякіх юрыдычных наступстваў, апроч выкарыстання ў палітычнай барацьбе з тымі рэжымамі, якія прымяняюць адміністрацыйную і крымінальную юрысдыкцыю ў дачыненні да палітычных апанентаў ці іншадумцаў.
Еўрарадыё: Як выглядае працэдура? Беларускія праваабаронцы звяртаюцца ў міжнародныя арганізацыі, ці тыя самі праяўляюць ініцыятыву па прызнанні кагосьці палітзняволеным? Бо складваецца ўражанне, што еўрапейскія арганізацыі будуць пазбягаць надаваць статус вязня сумлення, каб зрабіць крок насустрач беларускім уладам.
Гары Паганяйла: Такіх высноў зрабіць нельга. У першую чаргу, у прызнанні рэпрэсій палітычна матываванымі адыгрывае ролю беларуская грамадскасць – палітычныя партыі, грамадскія рухі, праваабаронцы, якія абвяшчаюць пэўныя справы ці пэўных асобаў палітычнымі ахвярамі ці вязнямі сумлення. Розніца ў тэрмінах. Напрыклад, Amnеsty International гаворыць пра вязняў сумлення, пад гэтым тэрмінам разумеюцца асобы, што асуджаныя незаконна або неадэкватна па тэрмінах з-за палітычных матываў. Яшчэ раз падкрэслю, што ўсё гэта самадзейнасць, няма строгіх юрыдычных канонаў ці строгай працэдуры. На палітычныя рэпрэсіі міжнародныя арганізацыі спрабуюць рэагаваць сваімі, у тым ліку і палітычнымі, мерамі ціску на ўрады, каб ахвяраў палітычных рэпрэсій вызвалілі, рэабілітавалі і ўзнавілі ва ўсіх правах. Гэта барацьба супраць парушэння правоў чалавека ў канкрэтных краінах, дзе дзейнічаюць аўтакратычныя рэжымы.
Еўрарадыё: Ці ўздымаецца пытанне пра вязняў сумлення ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, куды ўваходзіць Беларусь?
Гары Паганяйла: Афіцыйныя структуры ААН не выкарыстоўваюць гэтую тэрміналогію, але ў сваіх зваротах і дакументах адлюстроўваюць незаконнасць прымянення крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій па палітычных матывах. Яны адсочваюць сітуацыю з парушэннем правоў чалавека, у тым ліку такіх, як змяшчэнне ў псіхіятрычныя клінікі ці забарона на выезд з краіны.