Генпракуратура дадаткова праверыць гучную справу аб гібелі веласіпедысткі

Генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк паабяцаў вярнуцца да выпадку гібелі пацыенткі ў сталічнай бальніцы. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанне Еўрарадыё падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Нагадаем, летась у траўні 20-гадовая мінчанка Наталля Сак сутыкнулася з іншым веласіпедыстам, зляцела на асфальт і стукнулася галавой. У бальніцы ёй аказалі першую дапамогу, але не зрабілі тамаграфію галавы. Раніцай праз ацёк і змяшчэнне галаўнога мозгу дзяўчыны не стала.

Але Следчы камітэт не распачаў крымінальнай справы. Мінздароўя праводзіла ў бальніцы ўласную праверку і праблемаў не выявіла. Следства ў многім на вынікі гэтай праверкі і абапіралася.

Гібель веласіпедысткі: замест пералому чэрапа ўрачы "выявілі" лёгкія траўмы

“Я бачу, можа быць, ёсць сэнс яшчэ раз вярнуцца да гэтай справы. Хачу яшчэ сказаць з асабістага досведу, што гэтыя справы выклікаюць пэўныя складанасці ў разглядзе, — выказаўся генпракурор. — Я за сваю амаль 30-гадовую судзейскую кар'еру разгледзеў толькі некалькі спраў, якія тычацца ўрачэбнай памылкі. Уся праблема ў тым, што прызначаюцца судова-медыцынскія экспертызы. А вы разумееце, што іх праводзяць дактары. Трэба наўпрост казаць: карпаратыўная салідарнасць — гэта не пустое паняцце. Мы вернемся яшчэ раз да выпадку смерці гэтай дзяўчыны і праінфармуем аб выніках дадатковай праверкі”.

Пры гэтым Аляксандр Канюк адзначыў, што адносна нядаўняе стварэнне незалежнага ад іншых ведамстваў Камітэта судовых экспертыз у многім вырашае праблему перадузятасці судмедэксперта.

Доктар, якая аказвала дапамогу памерлай дзяўчыне, мае ўласную краму

Шасцікласнік Стас 5 дзён скардзіўся на тугі гіпс, пакуль не ампутавалі руку

Пра дырэктара, які ўзяў для сябе крэдыт пад 1% у свайго ж прадпрыемства

Падчас прэс-канферэнцыі генпракурор шмат размаўляў пра карупцыю. Апошнім часам у медыях з’яўлялася нямала матэрыялаў аб праколах і несумленнасці высокіх чыноўнікаў.

У прыватнасці, на Еўрарадыё выходзіла расследаванне пра “залатыя апоры пад рэкламу” ля “Чыжоўка-Арэны”. Дзяржпрадпрыемства заплаціла іншаму дзяржпрадпрыемству за іх мантаж у 4 разы больш, чым за гэтую працу плацяць у той жа Маскве.

Аляксандр Канюк прывёў яшчэ адзін свежы прыклад, які сведчыць пра несумленнасць кіраўніка аднаго з дзяржаўных прадпрыемстваў.

“Не буду пакуль называць фігурантаў, пакуль разбіраемся, будзе там крымінальная справа ці не. Гутарка вядзецца аб прадпрыемстве, якое знаходзіцца не ў найлепшым становішчы і бярэ крэдыты ў дзяржавы, — паведамляе генпракурор. — І вось кіраўнік дазваляе сабе ўзяць у свайго ж прадпрыемства крэдыт на суму ў 1,9 мільярда на 15 гадоў пад 1%. Дзесьці людзям затрымліваюць зарплату, а кіраўнік бярэ такія грошы. Хоць у сённяшняй сітуацыі зразумела, што ўжо праз тры месяцы гэта будзе зусім не 1,9 мільярда рублёў”.

Аб ідэі лічыць асабістыя зберажэнні чыноўнікаў

Падчас прэс-канферэнцыі казалі і аб праекце закона “Аб барацьбе з карупцыяй”. Туды, да прыкладу, унесеная прапанова забараняць паўторнае прыняцце на дзяржслужбу чыноўнікаў, якія сябе раней дыскрэдытавалі. Таксама для некаторых дзяржслужбоўцаў прапаноўваецца асаблівы парадак дэкларавання даходаў.

“Ёсць нават арыгінальныя прапановы. Напрыклад, каб чыноўнікі дэкларавалі зберажэнні, якія ў іх знаходзяцца дома. Часам гэта выглядае абсурдна і можа спрацоўваць як наводка, — выказвае меркаванне генпракурор. — Іншая справа, калі чалавек набывае нейкія дарагія рэчы — тэхніку, дамы. Вось тады ён павінен даць справаздачу. А лічыць, колькі чалавек сёння мае ў кішэні, напэўна, не вельмі правільна. Ёсць іншыя спосабы выяўлення непрацоўных даходаў”.

Пра барацьбу з “аматарамі хард-року, якія ўключаюць музыку ў 3 гадзіны ночы”

Раней Генпракуратура выступала з ініцыятывай разабрацца з праблемай шуму ў кватэрах. Пакуль у гэтым кірунку нейкіх радыкальных зменаў няма. І сённяшняя сістэма барацьбы з дэбашырамі і начнымі гулякамі, на думку Аляксандра Канюка, недасканалая:

“Складаннем пратаколаў займаюцца майстры ЖЭСаў. Гэта ў асноўным жанчыны, якія часта бываюць сталага ўзросту. Тое, што яны робяць спробы справіцца з бытавымі хуліганамі, малаэфектыўна. Мы не кажам пра тое, што на МУС трэба цалкам перакінуць гэты момант і абавязаць іх гэта рабіць. Але, напэўна, без міліцыі мы не абыдземся”.

Генпракурор паведаміў, што ёсць канкрэтныя крымінальныя справы ў дачыненні да ўдзельнікаў п’яных кампаній і “аматараў хард-року ды хэві-металу, якія ўключаюць музыку а трэцяй ночы”.

Цікавыя лічбы

Галоўным вынікам працы Генпракуратуры Аляксандр Канюк назваў тое, што “кантралюецца крымінагенная сітуацыя ў краіне”. Падчас прэс-канферэнцыі прагучалі і некаторыя цікавыя лічбы.

З 2005 года колькасць зарэгістраваных злачынстваў зменшылася больш як у два разы.

У 2014 годзе зарэгістравана 96 676 злачынстваў. Гэта на 2,8% менш, чым у 2013-м. Пры гэтым зменшылася колькасць крадзяжоў, рабункаў і разбояў.

А вось колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў павялічылася. На гэта паўплывала “вайна” з наркотыкамі. Колькасць нарказлачынстваў у 2014 годзе павялічылася на 46% у параўнанні з 2013-м.

Да таго ж з 410 да 438 павялічылася колькасць забойстваў. 85% злачынцаў знаходзіліся ў стане ап’янення.

Колькасць загінулых скарацілася з 7289 чалавек да 6576. Назіраецца тэндэнцыя змяншэння колькасці людзей, якія пацярпелі на вытворчасці, у выніку ДТЗ, суіцыдаў, атручэння алкаголем. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі