Генпракурор: Мінгарвыканкам пры разглядзе заяўкі на Дзень Волі дзейнічаў законна

Генпракурор: Мінгарвыканкам пры разглядзе заяўкі на Дзень Волі дзейнічаў законна

Пры разглядзе заяўкі на Дзень Волі ў Мінску Мінгарвыканкам дзейнічаў законна і правільна. Пра гэта генеральны пракурор Аляксандр Канюк заявіў журналісту Еўрарадыё Змітру Лукашуку падчас кароткага інтэрв'ю ў кулуарах Палаты прадстаўнікоў. Журналіст цікавіўся, ці будзе Генпракуратура праводзіць праверку дзеянняў чыноўнікаў. 

Нагадаем, што Мінгарвыканкам не даў своечасовы адказ на заяўку — за пяць адведзеных законам дзён. Сустрэчу з заяўнікамі некалькі разоў пераносілі, і ўрэшце чыноўнікі запрасілі іх на сустрэчу толькі ўвечары 24 сакавіка — напярэдадні акцыі. У выніку ўсе заяўнікі склалі з сябе адказнасць за акцыю.  

Журналіст Еўрарадыё запытаў, ці будзе Генпракуратура праводзіць праверку па дзеяннях міліцыі падчас разгону акцыі на Дзень Волі. Аляксандр Канюк паведаміў, што ў пракуратуры ёсць асобныя заяўкі грамадзян — па іх будзе праводзіцца праверка. Разам з тым ён падкрэсліў, што акцыя адбывалася несанкцыянавана, таму дзеянні міліцыі былі законнымі. 

Еўрарадыё таксама пацікавілася, ці будзе пракуратура правяраць факты затрымання выпадковых мінакоў на вулічнай акцыі. Генпракурор у адказ заявіў, што ў яго няма ўпэўненасці, што затрыманыя людзі апынуліся на акцыі выпадкова. 

Таксама Канюк мяркуе, што трэба ўвесці вялікія штрафы для СМІ за няправільную інфармацыю. Ён спаслаўся на тое, што падобны досвед ёсць у Нямеччыне. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі