Гінеколаг: Калі не можаш рабіць аборт — ідзі ў тэрапеўты

Папраўкі ў закон “Аб ахове здароўя” дазваляюць гінеколагу адмовіцца ад абортаў.

"Ці многа дактароў скарыстаюцца такім правам і што будзе ў выпадку, калі ўсе адмовяцца?" — запыталася Еўрарадыё ў гінеколагаў.

“Усе не адмовяцца, — гінеколаг з Мінска просіць не называць яе імя, выказвае пазіцыю па-прафесійнаму строга. — Калі ты стаў гінеколагам, павінен рабіць усе гінекалагічныя маніпуляцыі. Трэба было не ісці ў гінеколагі, трэба было станавіцца тэрапеўтам!”.

Што тады рабіць гінеколагу, які адмаўляецца ад аперацыі? Выхад быццам бы ёсць. На думку яшчэ аднаго доктара, можна абыйсціся і без практыкі абортаў і нават без закону.

 “Яны могуць сядзець на прыёме, размаўляць з пацыенткамі, аглядаць, прызначаць лячэнне. Гэта іх права і гэта іх выбар”.

Тэарэтычна адмовіцца ад перарывання цяжарнасці можа любы доктар і сёння — у вуснай форме. Але камусьці і гэтую працу рабіць трэба. Справа тут у адказнасці доктара.

“… ёсць закон, які дазваляе гэта рабіць, ёсць жанчыны, якія гэта робяць. Калі забараніць аборты, вырастуць крымінальныя аборты — гэта 100%. Чалавек можа загінуць, гэта можа быць чыясьці дачка ці маці. Тое, што гэта легалізавана, — гэта правільна”.

На думку гінеколага з Мінска, адмяніць аборты нашае грамадства пакуль і не гатовае.

“Для некаторых жанчын прасцей і танней рабіць аборт раз на тры месяцы, чым піць супрацьзачаткавыя пілюлі ці мужчыну надзець прэзерватыў”.

Еўрарадыё: Прабачце за некарэктнае пытанне, а вы робіце аборты?

Гінеколаг з Мінска: “Я раблю аборты, але мне гэта не падабаецца. Анестэзіёлагі не хочуць даваць наркозы, дактары не хочуць рабіць аборты, але я як загадчыца не магу адмовіцца”.

Доктар таксама разважае, што грамадства не гатова адмовіцца ад абортаў — гэта па-першае. А па-другое, розныя сітуацыі бываюць у жыцці. Такія, што ніводнаму сцэнарысту і не снілася.

“Была на выпускным, напіліся і не ведаем, як зацяжарыла”, “студэнтка зацяжарыла ад жанатага, а ў яго свайму дзіцю 2 месяцы”, “маці траіх дзяцей “заляцела” ад мужа-алкаголіка”, — гінеколаг за сваю шматгадовую працу панаглядзелася ўсяго.

“Вось дзяўчына 15 гадоў, плача, хоча пакінуць дзіцё, а ў яе выявілі туберкулёз, і лекі, якія яна прымае, паўплываюць на дзіця. Што рабіць?”.

Дактары звяртаюць увагу і на тое, што аборты дапамагаюць выконваць план… па платных паслугах! Адмовіцца ад яго — значыць гэты план не выканаць.

“Бальніца павінна зарабляць грошы на платных паслугах. Да прыкладу, мільёнаў 10 у месяц. І мо чатыры мільёны мы зарабляем на абортах”.

Гінеколаг з Брэста не здзіўляецца пытанню "Ці робіце вы аборты?": кажа, што робіць, і гэта не падабаецца. Валянцін Пятровіч называе перарыванне цяжарнасці “злачынствам”, але калі жанчына вырашыла зрабіць аперацыю — ніякі закон яе не адгаворыць. А калі не знойдзецца дактароў у адной бальніцы, яна пойдзе да іншых.

“Вось полькам забаранілі рабіць аборт — і што? Робяць ўсё роўна. Беларусы паедуць у Расію, Літву”.

Да таго ж, на думку медыка, калі хтосьці з дактароў адмаўляецца рабіць аборт, а хтосьці — не, гэта ўносіць у калектыў дадатковую напружанасць.

“Я раблю аборты. Адныя кажуць, што гэта грэх. Але хтосьці павінен граць на скрыпцы. І камусьці прыходзіцца браць на сябе гэты грэх”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі