Гісторык Краўцэвіч — пра Дзень Волі: “Гэта быў акт нараджэння беларускай нацыі”
У суботу ў Гродне ў Каложскім парку праходзіць дазволены ўладамі святочны канцэрт, прысвечаны ўгодкам абвяшчэння 25 сакавіка 1918-га ў Мінску дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У перапынку паміж выступамі музыкаў прамаўляў доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. Ён нагадаў, што беларуская дэкларацыя аб незалежнасці з’явілася раней, чым у многіх іншых народаў Усходняй Еўропы, раней, чым у тых жа палякаў. Іншая справа, што ў той час беларусы не змаглі абараніць сваю незалежнасць.
Краўцэвіч: “Гэта быў акт нараджэння беларускай нацыі… І невыпадкова мы святкуем гэты дзень у Гародні. Таму што Гародня была не толькі адной са сталіц Рэчы Паспалітай, але і была другой сталіцай Беларускай Народнай Рэспублікі”.
Гісторык нагадаў і пра парадокс: “Мы — адзіная краіна, якая аб’явіла незалежнасць пасля Першай сусветнай вайны і якая сёння мае праблемы з святкаваннем Дня незалежнасці. Гэта наш цяжар, наш бар’ер, праз які мы павінны прайсці. Таму што ва ўсіх краінах, і ў Летуве, і ў Польшчы, і ў Чэхіі… дзень абвяшчэння незалежнасці пад канец Першай сусветнай вайны — гэта нацыянальнае свята. Гэта — парады, гэта — выступ прэзідэнта, гэта свята на ўзроўні ўсёй нацыі, усёй дзяржавы… Мы гэтую цяжкасць пераадолеем”.