Глеб не разумее, як БАТЭ, бронзавы прызёр, будзе ўдзельнічаць у Лізе чэмпіёнаў
У БАТЭ не чакалі, што сёлета трапяць у адбор Лігі чэмпіёнаў / fcbate.by
"Калі ў адной каманды забіраюць чэмпіёнства, то яго перадаюць наступнай па турнірнай табліцы. Хтосьці павінен атрымаць золата", — кажа Аляксандр Глеб у каментары "Прессболу". І заўважае, што ў федэрацыі "чымсьці кіраваліся, калі прымалі рашэнне".
Працягвае абмяркоўвацца скандал у беларускім футболе. За дамоўныя матчы ў мінулым сезоне Беларуская федэрацыя пазбавіла чэмпіёнства салігорскі "Шахцёр", срэбра забралі ў "Энергетыка-БДУ". Абодва клубы адхіленыя ад еўракубкаў. Было вырашана новага чэмпіёна не прызначаць. БАТЭ застаецца бронзавым прызёрам, але згуляе ў адборы Лігі чэмпіёнаў.
"Для БАТЭ і "Іслачы" ўсё склалася добра [за абедзьве каманды выступаў Аляксандр Глеб], — кажа Глеб. — Праўда не ведаю, як каманда, якая ўзяла бронзу ў чэмпіянаце Беларусі, будзе ўдзельнічаць у Лізе чэмпіёнаў. Мы можам толькі гадаць. Ды і не асабліва важна, хто будзе прадстаўляць краіну ў еўракубках, галоўнае, каб годна выступілі. Усё ж такі, беларускі футбол цяпер у любым выпадку ў заняпадзе, не ў самым добрым становішчы. Хацелася б, каб у гэтым годзе мы праявілі сябе больш годна".
Акрамя БАТЭ, у еўракубках (у Лізе канферэнцый) паўдзельнічаюць мінскае "Дынама", "Іслач" і ўладальнік Кубка Беларусі. Апошні вызначыцца 28 траўня ў матчы БАТЭ і "Тарпеда-БелАЗ".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.