Глеб: Шунто сказаў, што як толькі атрымае ліцэнзію, спонсар заявіць пра сябе

Глеб: Шунто сказаў, што як толькі атрымае ліцэнзію, спонсар заявіць пра сябе

Новы спонсар “Крумкачоў” можа быць абвешчаны адразу пасля таго, як клуб пройдзе ліцэнзаванне і заявіцца ў Вышэйшую лігу. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў былы гулец каманды, а цяпер форвард “Нёмана” Вячаслаў Глеб, якому нядаўна выплацілі ранейшыя даўгі. Футбаліст кажа, што даўно перастаў верыць у тое, што сітуацыя вырашыцца. Але раптам кіраўнік “Крумкачоў” Дзяніс Шунто патэлефанаваў і прапанаваў сустрэцца.

 

“На апошнім пасяджэнні, якое адбылося пару тыдняў таму, ён у апошні раз папрасіў адтэрміноўку на тры тыдні, — распавядае Глеб. — Сказаў, што калі ўжо не знойдзе грошы, то ўсё. Ну і, вядома, калі Дзяніс мне патэлефанаваў, я быў прыемна здзіўлены тым, што ён усё ж знайшоў спонсара і пачаў выплачваць даўгі. На маё пытанне, хто дапамагае камандзе, Дзяніс толькі ўсміхнуўся. Сказаў, што як толькі клуб атрымае ліцэнзію, чаго я ім, вядома, жадаю, гэты чалавек адразу дасць інтэрв'ю і распавядзе, чаму прыйшоў у футбол. Я спытаў у Дзяніса, што будзе далей? Бо для таго, каб каманда была ў Вышэйшай лізе, спатрэбіцца немаленькая сума. Ён сказаў, што ўсё павінна быць добра. Ён верыць, што каманда будзе гуляць і набярэ новых гульцоў”.

 

Вячаслаў Глеб не стаў расказваць, ці цалкам перад ім пагасілі доўг, адзначыўшы, што ў яго з “Крумкачамі” ёсць пэўныя дамоўленасці. Па яго словах, калі ў СМІ з'явілася інфармацыя пра выплату даўгоў, партнёр Шунто распавёў Глебу, што ў клуб пачалі тэлефанаваць футбалісты і прапаноўваць свае паслугі.

 

“Значыць, не ўсё так сумна. Колькі яшчэ працягнуць “Крумкачы”, я не ведаю. Усё будзе залежаць ад таго, хто спонсар. Думаю, у бліжэйшы час мы пра гэта даведаемся”, — дадаў Глеб.

 

Агульная запазычанасць “Крумкачоў” на канец мінулага года складала прыкладна 190 тысяч долараў. Гэта доўг перад БАТЭ, запазычанасці па заробках і ўнёсках у Федэрацыю футбола. АБФФ забараніла клубу рэгістраваць новых футбалістаў і запатрабавала да 22 лютага разлічыцца з усімі гульцамі. Нягледзячы на фінансавыя праблемы, каманда пачала падрыхтоўку да новага сезона, а з канца мінулага тыдня стала разлічвацца з даўгамі. Цікава, што доўг федэрацыі Дзяніс Шунто аплаціў як фізічная асоба, таму цяпер у АБФФ патрабуюць дакументы аб прызнанні законнасці такога плацяжу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі