GODS TOWER: Стрэлы зноў у паветры! (гук)

Уз'яднаныя GODS TOWER на першы ж канцэрт у Мінску амаль без рэкламы сабралі 700 чалавек. І выдалі шалёны сэт, якога фанаты чакалі ад іх доўгіх 8 гадоў.  Па дарозе на канцэрт GODS TOWER у аўтобусе я натрапіў на групку цётак у хустках. Яны сядзелі адна насупраць другой і a cappella спявалі тужлівыя рэлігійныя гімны.

"Милый друг, непременно уйдёшь ты из жизни,
Не веди же с Христом, тебя любящим, спор!
Ты покайся, чтоб жить в поднебесной отчизне,
Чтоб тебя не страшил догоревший костёр".



Хвілін 20 апантаныя вернікі пужалі пасажыраў непрыемнымі наступствамі, якія нясе грэшнікам смерць. Што ж, адных вядзе да рэлігіі боязь цётухны з касой. Іншых — прага да жыцця. Праз 20 хвілін я быў у "Рэактары", дзе на сцэне ўжо шчыраваў ZNICH.









Лідар гурта Алесь Таболіч кажа, што ад самай першай касеты "The Eerie" GODS TOWER уплываў не толькі на ZNICH, але і на ўвесь паганскі рух у былым СССР. Аднак, на яго думку, адраджэнне легендарных "хозтавараў" (так яшчэ ў 1990-я GT называлі фанаты) — гэта толькі палова справы. І нашмат важней тое, куды рушыць адноўлены GODS TOWER, якім будзе новы музычны матэрыял:



Алесь Таболіч: "Разумееш, падняць старую праграму — гэта адно. А зрабіць што-небудзь іншае — новыя рэчы — гэта ўжо іншы варыянт... Бо, як я ведаю, музыку GODS TOWER пісаў Аляксандр Уракаў, які памёр. І як гэта будзе далей...



Пакажа час, але той гітарыст, які зараз на сцэне, мне вельмі падабаецца. Бо і манера Ўракава ў яго выкананні прысутнічае. І астатнія музыкі — профі".








Канцэрт пачаўся вельмі рана — а 18-й. У 19:00 на сцэне ўжо былі хэдлайнеры — кажуць, украінскі гукач, які стварыў для GODS TOWER гук вышэйшага гатунку, спазняўся на цягнік да Кіева... Вельмі дзіўна было са змрочнага, вусцішнага "Рэактара" трапляць на вуліцу, дзе па-за хмарамі хавалася сумнае, зусім не летняе сонца...










Сэт ZNICH, у якім правераныя часам "Крыжы-абярэгі" і "Язычнік я" спалучыліся з некалькімі новымі песнямі, прагучаў вельмі ўдала. "А зараз на гэтую сцэну выходзіць легенда Беларусі і не толькі. GODS TOWER!" — абвяшчае Таболіч, і распаленая зала выбухае назвай гурта.





Народу ў "Рэактар" набілася шчыльна — па нашых ацэнках, каля 700 чалавек. Большасці з іх у 2002 годзе, калі распаліся GODS TOWER, было 10-12 гадоў. 90% публікі ніколі не бачылі GT на сцэне. Значыць, сапраўды існуе легенда, якая перадаецца ад аднаго пакалення да іншага, не дае забыць.











Натуральна, усіх цікавіў новы гітарыст GODS TOWER Дзмітрый Лазарэнка, які замяніў памерлага Аляксандра Ўракава. У інтэрв'ю Еўрарадыё лідэр GT Lesley Knife сказаў, што Дзмітрый — вучань і паслядоўнік Аляксандра, і ў пэўнай ступені — пераемнік яго манеры выканання. І гэта спраўдзілася: новы майстар у гурце нібыта са дня заснавання...





Выступ GODS TOWER цягнуўся крыху больш за паўтары гадзіны. Але за гэты, здавалася б, невялікі адрэзак часу музыкі выціснулі слухачоў дашчэнту. Змораныя, але задаволеныя, фанаты двойчы выцягнулі каманду Лэслі "Нажа" на біс.



А пасля доўга не разыходзіліся ад клуба. Бо на іх вачах сапраўдная легенда зрабіла яшчэ адзін сюжэтны паварот. Стрэлы зноў ў паветры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі