Гомельскага ліхача, які збіў прыпынак з людзьмі, узялі пад варту
Аварыя ў Гомелі / прэс-служба МУС
Пракуратура Гомельскай вобласці дазволіла ўзяць пад варту 20-гадовага гамельчука. 17 снежня ён на BMW заехаў у прыпынак у цэнтры горада. Пры гэтым пацярпелі тры чалавекі.
На хлопца пачалі крымінальную справу. Яго вінавацяць у парушэнні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне двум пешаходам цяжкіх цялесных пашкоджанняў па прыкмеце небяспекі для жыцця (ч. 2 арт. 317 КК).
Як гаворыцца ў яго справе, кіроўца BMW 328 ехаў удзень па вуліцы Інтэрнацыянальнай з хуткасцю не менш за 80 кіламетраў за гадзіну пры дазволеных 60. Малады чалавек не справіўся з кіраваннем і вылецеў на правы тратуар, дзе на прыпынку стаялі людзі. Машына збіла трох чалавек. Двое атрымалі цяжкія траўмы, для трэцяга пешахода цяжкасць пашкоджанняў высвятляецца.
Пракуратура падкрэслівае, што кіроўца ўжо меў 13 штрафаў за парушэнне правілаў дарожнага руху. А ў верасні 2022-га яго каралі за перавышэнне хуткасці на 31 кіламетр за гадзіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.