Гомельскі суд адмяніў высылку расіяніна, які кіраваў машынай нецвярозы

Гомельскі суд адмяніў высылку расіяніна, які кіраваў машынай нецвярозы

Гомельскі абласны суд 20 жніўня адмяніў рашэнне пра высылку з Беларусі жыхара Хойнікаў расіяніна Сяргея Рэзчыка, перадае Радыё "Свабода". 

40-гадовы Сяргей Рэзчык нарадзіўся ў Хойніках. Але пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС яго бацькі пераехалі ў Расію, дзе Сяргей атрымаў грамадзянства. Потым ён вярнуўся на радзіму, знайшоў працу, займеў кватэру, завёў сям’ю. Разам з жонкай-беларускай Рэзчык выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей.

Сёлета ў красавіку Хойніцкі РАУС вырашыў выслаць Рэзчыка з Беларусі на 10 гадоў. Прычынай сталі дапушчаныя ім правапарушэнні. Мужчына кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане, перавозіў дзіця без спецыяльнага крэсла, пераходзіў вуліцу ў неналежным месцы. 

Потым рашэнне міліцыі падтрымаў Хойніцкі раённы суд. 

Абаронай расіяніна ў судзе займаўся прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. Ён адзначыў, што праваабаронцы не ўхваляюць паводзіны расіяніна, аднак лічаць пакаранне празмерным. 

"Пры прыняцці рашэння аб высылцы міліцыя не ўлічыла лёс непаўналетніх дзяцей Сяргея, ягонай жонкі. На судзе выступаў прадстаўнік Хойніцкага РАУС. На пытанне, чаму да расійскага грамадзяніна прыменены максімальны тэрмін высылкі, ён адказаў, што на калегіі МУС на той час міністр Ігар Шуневіч запатрабаваў ад падначаленых высылаць замежнікаў на максімальныя тэрміны. Выходзіць, што вусны загад — вышэйшы за нормы заканадаўства", — распавёў Судаленка пасля працэсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі