Гомельскія актывісты пасля затрыманняў і арыштаў падалі 12 скаргаў
Гомельскія актывісты пасля адседак у ізалятары часовага ўтрымання падалі 12 заяваў і скаргаў, паведамляе gomelspring.org.
Уладзімір Кацора, які адбыў 12 сутак адміністратыўнага арышту за "Марш недармаедаў", паскардзіўся на тое, што ў камерах няма натуральнага асвятлення. "Камера кругласутачна, нават ноччу падчас сну асвятляецца яркім штучным святлом. З-за яркага святла мае вочы ўвесь час знаходзіліся ў напружанні, з-за гэтага я не мог чытаць літаратуру і карыстацца пісьмовымі прыладамі", — адзначыў актывіст. Ён ацаніў такія дзеянні як бесчалавечнае абыходжанне.
Віктар Рубцоў, арыштаваны на 14 сутак, заявіў, што ў камеры было вельмі халодна. Уначы па яго адчуваннях было каля 7-10 градусаў, удзень — ад 12 да 14 градусаў цяпла. "Штодня, а асабліва ў начны час адчуванне холаду было невыносным, з вокнаў і дзвярэй увесь час дзьмуў скразняк. Я ўвесь час мерз, хоць пастаянна знаходзіўся і спаў у вопратцы і абутку. Я расцэньваю гэта як катаванні холадам", — напісаў Рубцоў у сваёй скарзе.
Сярод асноўных парушэнняў актывісты адзначаюць адсутнасць у камерах вентыляцыі, гарачай вады, гучна уключанае радыё, нерэгулярныя прагулкі, немагчымасць затэлефанаваць дадому з тэлефоннага аўтамата. Таксама скардзяцца на адмовы ў перадачах і паступаючай карэспандэнцыі.