"Гомельводаканал" пракаментаваў чуткі пра заражэнне вады праз паводку

Вада, ілюстрацыйнае фота

Вада, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

У бацькоўскіх чатах у Гомелі з'явіліся паведамленні, быццам вада ў горадзе заражаная, перадае дзяржканал СТБ.

Паведамленні былі такога кшталту: "Учора прайшла нарада ў медыкаў. У Гомелі вельмі дрэнная якасць вады праз раннюю паводку. Нейкая палачка выклікае гепатыт А. Ваду піць толькі гатаваную. Нават фільтры не дапамагаюць абясшкодзіць".

На "Гомельводаканале" журналістаз запэўнілі, што пітная вада ў горадзе ідзе з артэзіянскіх свідравін і паводка на яе ніяк не ўплывае.

"Вада падымаецца з артэзіянскіх свідравін, праходзіць абезжалезванне ў фільтрах, далей трапляе ў рэзервуары чыстай вады і помпамі падаецца ў размеркавальную сетку горада. Сістэма герметычная, паводкавыя воды ў гэтым выпадку ніяк не могуць паўплываць на бактэрыялагічнае забруджванне", — кажа намеснік галоўнага інжынера "Гомельводаканала" Павел Калінічэнка.

Па яго словах, якасць вады перад падачай у сетку правяраюць штодня. Пробы бяруць амаль у 200 кропках.

На СТБ удакладняюць, што гатаваць ваду перад ужываннем абавязкова толькі жыхарам падтопленых вёсак, якія карыстаюцца студнямі — вось яны напаўняюцца з паверхневых водаў. Сярод 30 правераных студняў у рэгіёне ў чатырох знайшлі адхіленні — пераважна ў Гомельскім раёне.

Тым часам у Беларусі сапраўды зафіксавалі ўспышку гепатыту А, які называюць "хваробай брудных рук". Каб засцерагчыся ад яго, медыкі рэкамендуюць выконваць элементарныя правілы гігіены: мыць рукі, а таксама садавіну і гародніну. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі