Грамадскія дзеячы Літвы заклікаюць забараніць беларусам выкарыстоўваць "Пагоню"

Беларускія нацыянальныя сімвалы

Беларускія нацыянальныя сімвалы / t.me/viasna96/

Каля 70 грамадскіх дзеячаў Літвы накіравалі ліст прэзіыдэнту Гітанасу Наўседу, а таксама ў Міністэрства замежных спраў і Сейм. Яны заклікаюць забараніць выкарыстанне герба "Пагоня" (па-літоўску Vytis) як на пашпартах, якія хоча выпускаць беларуская апазіцыя, так і ў любой іншай афіцыйнай форме.

Пад зваротам паставілі свае подпісы вядомы сваімі скандальнымі заявамі пра беларусаў тэлевядоўца Алгіс Раманаўскас, гендырэктар Цэнтра даследавання генацыду і супраціву жыхароў Літвы гісторык Арунас Бубніс, журналіст і прадпрымальнік Шарунас Ясюкявічюс, кіраўнік Міжнароднага фонду сяброў Украіны Валдас Барткявічус. Сваё патрабаванне яны патлумачылі "літвінізмам" сярод беларусаў ва ўмовах інфармацыйнай і гібрыднай вайны супраць Літвы.

"Мы не можам дзяліць сімвалы дзяржаўнасьці і нацыянальнай ідэнтычнасці з суполкамі, значная частка сяброў якіх настроеная супраць Літвы і паўтараюць дэзінфармацыйныя наратывы літвінізму, якія распаўсюджвае Расія і якія скажаюць гісторыю нашага народу", — цытуе заяву мясцовае выданне LRT.

Таксама літоўскія актывісты заяўляюць, быццам ідэі літвінізму ўзмацняюцца з набліжэннем беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў "Захад-2025". Яны бачаць у гэтых вучэннях аналогію з уварваннем ва Украіну ў лютым 2022 года. "Мы заўважаем, што аналагічная дэзінфармацыя распаўсюджвалася Крамлём наконт Украіны перад поўнамаштабным уварваннем 2022 года і падчас вайны", — кажуць аўтары заявы.

Спрэчкі вакол "Пагоні" абвастрыліся пасля выхаду пробных асобнікаў пашпарта Новай Беларусі. Некаторыя з літоўскіх дзеячаў нават заяўляюць, быццам "Пагоня" ніколі не была дзяржаўным сімвалам Беларусі.

З адмысловай заявай наконт "Пагоні" выступіла Рада БНР: "Любая спроба забараніць беларусам карыстацца гербам “Пагоня” (як і літоўцам “Віцісам”) мусіць разглядацца як праява дыскрымінацыі датычна правоў беларускага (або, адпаведна, літоўскага) народу на самавызначэнне і дэмакратычнае развіццё, а таксама як прынамсі ўскосная праява салідарнасці з беларусафобскім рэжымам Лукашэнкі і імпэрыялістычным рэжымам Пуціна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі