Гродна ўпершыню “афіцыйна” адсвяткаваў Дні Святога Губерта (фота)
Многія гродзенцы ўжо даўно лічаць гэтае свята другім альтэрнатыўным днём горада.
Аднак толькі сёлета гарадскія ўлады афіцыйна далучыліся да святкавання.
У гэты дзень усе мерапрыемствы, якія падрыхтавалі музеі Стары і Новы Замак, а таксама гарадская бібліятэка імя Карскага, заапарк, распавядалі пра асобу святога — заступніка паляўнічых і іх сабак, егераў, ляснічых і лучнікаў.
У парку імя Жылібера гродзенскія паляўнічыя і егеры паказалі свае здольнасці. Там можна было ўбачыць выставу сабак і “модны” паказ іх адзення, купіць мяса аленя або фазана, а таксама паўдзельнічаць у гульні-квэсце па пошуку ключоў Святога Губерта і паслухаць паляўнічыя байкі.
У Старым замку акрамя прэзентацыі экспанатаў “Святы Губерт і гісторыя”, гістарычныя клубы горада “Кром”, “Княжацкі двор” і “Арыдан” зрабілі этнапрэзентацыю, правялі турнір лучнікаў, а таксама майстар-класы па рамёствах і гістарычных танцах.
У Новым замку выступілі ансамбль старадаўняй музыкі Гродзенскай капэлы і беларускія этнагурты “Folkmashin” і “Irdorath”.
Завяршылася свята паказам фаер-шоў.