ГУБАЗіК затрымаў адміна дваровага чата і тэлеграм-канала "Новая Баравая 98%"
У мінскім мікрараёне Новая Баравая, вядомым сваімі пратэснымі настроямі, супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі 34-гадовага жыхара, паведамляе прэс-служба МУС. Мужчына кіраваў закрытым паблікам раёна, дзе было каля 300 карыстальнікаў, і тэлеграм-канала "Новая Баравая 98%".
"У тэлеграм-канале адміністратар не толькі абмяркоўваў спосабы дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, псавання маёмасці і інфраструктуры, а таксама выказваў пагрозы ў дачыненні да службовых асоб дзяржорганаў і міліцыянтаў. Сам ён неаднаразова прымаў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, за што прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці", — рапартуе прэс-служба МУС.
У кватэры затрыманага міліцыянты знайшлі пратэстную сімволіку і больш за паўтары тысячы ўлётак.
Мужчыну вынеслі афіцыйнае папярэджанне. Акрамя таго на яго пачалі крымінаьную справу за стварэнне экстрэмісцкага фармавання — так міліцыянты ацанілі дваровы тэлеграм-чат.
Тым часам у ТГ-канале "Новая Баравая 98%" з'явілася абвяржэнне: "Я адзіны адмін "пратэсных" чатаў Новай Баравой. Хопіць кашмарыць людзей. У мяне мадэратараў — тысячы, усе пазаштатныя, усе падпісчыкі, усе адэкватныя жыхары Новай Баравой — мадэратары".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.