Гурт Sciana прэзентаваў у родным Брэсце новы альбом (фота)

Папярэдні другі альбом "Кропка вяртання" выйшаў у 2010 годзе. За гэты час хіба галоўнай навіной для фанатаў гуртаў стала кадравая перастаноўка: больш за год таму гурт пакінуў саксафаніст Яўген Лук’янчык. Астатнія музыканты не проста замянілі чалавека, а ўвогуле... інструмент. Цяпер месца духавых на сцэне занялі клавішы, а за імі — вядомы ў Брэсце электроншчык Валерый Сакалоў з праекту SKLF.



Самі музыкі такія каардынальныя змены пасля 13 год існавання каментуюць неахвотна. Адзін з заснавальнікаў гурта "Sciana", бубнач Аляксеў Кузняцоў, адгаворваецца прадказальным "творчым развіццём":



"Лёс склаўся так, што мы вырашылі змяніць усё ў сваім жыцці: нішто не стаіць на месцы, усё рухаецца наперад — і мы таксама. Для гэтага альбому мы адкапалі некалькі старых песень і зрабілі іх па-іншаму. Чым ён адрозніваецца ад папярэдніх альбомаў? Усім! Мы іншыя: не стаім на месцы, рухаемся далей".



Паслухаць "іншую Сцяну" 16 лістапада прыйшло зусім няшмат людзей. У клубе "1 Мая" сабралося не больш за 150 чалавек. Гэта з улікам некалькіх кампаніяў — гасцей з Украіны і Польшчы, якія адмыслова прыехалі ў горад над Бугам на канцэрт.



"Жыўцом" амаль і не заўважаеш адсутнасць саксафону: сэмплы і электронныя эфекты даволі гарманічная ўпісваюцца ў гурт. Аднак да самага канца выступу не пакідае жаданне параўнаць новы і стары матэрыял ў запісе. З гэтым, на жаль, пакуль прыходзіцца пачакаць, бо прэзентацыя фактычна прайшла завочна: новы дыск на канцэрце не
прадаваўся. Праўда, як абяцаюць музыкі, альбом хутка мусіць з'явіцца ў інтэрнеце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі