Хабар, нары, калгас: як Лукашэнка перавыхоўвае топавых карупцыянераў
Арыгінальнае фота БЕЛТА, фотакалаж Еўрарадыё
Днямі стала вядома пра вызваленне з месцаў не такіх аддаленых былога першага намесніка старшыні праўлення Беларусбанка Генадзя Гаспадарыка. У чэрвені 2016 года яго злавілі за руку, якая трымала хабар у памеры 14 тысяч долараў. Сума хоць і салідная, але не канчатковая. Па версіі следства, з 2010 па 2015 год Гаспадарык за станоўчае вырашэнне пытанняў атрымаў больш за 215 тысяч долараў. У верасні 2018 года суд прысудзіў яго да 7,5 года пазбаўлення волі. Аднак ужо ў другой палове лістапада Гаспадарык выйшаў на волю. Як у яго гэта атрымалася? Нават калі палічыць 2 гады 4 месяцы знаходжання ў следчым ізалятары з прынцыпу "дзень за два", карупцыянеру заставалася "матаць" у турме яшчэ амаль 2 гады... Як расказала TUT.by адна з крыніц партала, яго, магчыма, памілаваў кіраўнік дзяржавы.
"Жэстачайшая" барацьба з карупцыяй сёлета адзначыла сваё 25-годдзе. Менавіта ў 1994 годзе красамоўнай вайной супраць карупцыянераў уварваўся ў выбарчую кампанію кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка. Праходзяць дзесяцігоддзі, але выканаць перадвыбарчае абяцанне ўсё не выходзіць.
Крытыкі кіраўніка дзяржавы з'едліва гавораць: хіба можна перамагчы карупцыю, калі пакарання за яе можна калі і не пазбегнуць цалкам, то як мінімум яго змякчыць? Папаўся, прызнаўся, дачакаўся суда, атрымаў вялізны тэрмін, але выйшаў раней пасля памілавання Лукашэнкі.
Еўрарадыё прыгадвае, каму Лукашэнка даваў другі шанц і як перавыхоўваў "слабых на руку".
Галіна Жураўкова
Адзін з самых ранніх прыкладаў найвышэйшага памілавання звязаны з былой кіраўніком спраў прэзідэнта Галінай Жураўковай. У 2005 годзе яе прысудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі за крадзеж 2 мільёнаў долараў. Але ў выніку яна адбыла толькі 4 месяцы ў следчым ізалятары і некалькі месяцаў пад падпіскай аб нявыездзе.
Пасля памілавання Жураўкова паехала ў Расію: у Беларусі ёй забаранілі займаць кіруючыя пасады на працягу 5 гадоў. Апошняя згадка пра Жураўкову датуецца 2009 годам. Па непацверджанай інфармацыі "Беларускага партызана", яна тады працавала ў кіраўніцтве спраў прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева.
Аляксандр Бароўскі
Кіраўніка "Белнафтахіма" Аляксандра Бароўскага супрацоўнікі КДБ затрымалі ў 2007 годзе. У сакавіку 2008-га суд прысудзіў Бароўскага да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым з асабістай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды дзяржаве.
Аднак ужо ў снежні таго ж года Бароўскі быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам і сустракаў Новы год на волі. У 2009 годзе яго прызначылі... дырэктарам МАЗа.
Уладзімір Тачыла
Уладзімір Тачыла 11 гадоў кіраваў Полацкім гарвыканкамам, а ў 2012 годзе быў арыштаваны. Яго абвінавацілі ў тым, што ў 2009 годзе ён незаконна выдзеліў для сябе і сваіх блізкіх зямельныя ўчасткі ў Полацку ў зоне ахоўнага ландшафту, на тэрыторыі, прылеглай да Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. Пры гэтым была пашкоджана гісторыка-культурная каштоўнасць.
У лютым 2013 года экс-чыноўніка памілаваў Лукашэнка: Тачыла і іншыя фігуранты справы пакрылі шкоду, а таксама знеслі падмурак дамоў і прывялі зямлю ў першапачатковы стан.
Пасля выхаду на пенсію Тачыла прысвяціў сябе пісьменніцкай дзейнасці. У верасні 2019-га ён нават атрымаў галоўны прыз літаратурнай прэміі імя Алеся Савіцкага за два паэтычныя зборнікі.
Аляксандр Архіпаў
У 2014 годзе Аляксандр Архіпаў быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за атрыманне хабару і перавышэнне службовых паўнамоцтваў. За год да гэтага яго знялі з пасады намесніка генпракурора "за дзеянні, якія дыскрэдытуюць званне пракурорскага работніка".
Але ўжо праз два гады, у 2016-м, экс-пракурора памілаваў Лукашэнка. Архіпава працаўладкавалі дырэктарам стратнага сельскагаспадарчага прадпрыемства "Пятровічы" ў Смалявіцкім раёне. Падымаў калгас Архіпаў да 2018 года, а потым быў "адпушчаны" — зноў жа па ініцыятыве Адміністрацыі прэзідэнта.
"Старшыня райвыканкама сказаў: мы павінны скасаваць з вамі кантракт. Ну, трэба, дык трэба... У прынцыпе, і па прысудзе суда ў мяне да гэтага часу ўжо скончыўся тэрмін пакарання. І па-любому я быў бы ўжо дома. Але, паўтаруся, я ўсіх дэталяў не ведаю. Са мной гэтыя рэчы не абмяркоўвалі. І ў мяне ніхто не пытаўся, хачу я застацца ці не хачу. Сказалі, што рашэнне прынята, і ўсё на гэтым", — расказаў тады Архіпаў газеце "Народная воля".
Віктар Кулеш
У пачатку ліпеня 2016 года сілавікі затрымалі былога кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Віктара Кулеша па падазрэнні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Крымінальная справа была перададзеная ў пракуратуру яшчэ ў траўні 2017 года, аднак суд так і не адбыўся: Кулеш звярнуўся да Лукашэнкі з хадайніцтвам аб памілаванні. Гэта значыць, прызнаў сваю віну і кампенсаваў шкоду. У 2018-м экс-чыноўнік ужо быў на волі, аднак пра яго далейшае працаўладкаванне нічога невядома.
Віктар Хадасевіч
Віктар Хадасевіч — былы дырэктар Бабруйскага мясакамбіната. Яго затрымалі праз паўтара месяца пасля таго, як ён узначаліў мясакамбінат (да гэтага ён два гады працаваў там галоўным інжынерам), за спробу "крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі". У траўні 2015 года ён быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі. Але ўжо ў лютым 2016-га ўзначаліў калгас "Ліпаўка" ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці. Натуральна, пасля памілавання кіраўніком дзяржавы.
Праўда, дырэктарам "Ліпаўкі" Віктар Хадасевіч прабыў усяго каля года. Падняць з каленяў стратнае прадпрыемства ў яго не выйшла: у лютым 2017-га Магілёўскі эканамічны суд пачынае справу аб банкруцтве калгаса. А ў снежні 2017 года пачынаецца працэс санацыі, гэта значыць рэарганізацыі, рэфармавання і фінансавай падтрымкі прадпрыемства. Пасля гэтага Хадасевіч уладкаваўся ў родным Бабруйску дырэктарам гандлёвага цэнтра "Спектр".
Ігар Стасевіч
Чыноўнік, які браў хабар чабурэкамі. Менавіта так увайшоў у гісторыю беларускай карупцыі Ігар Стасевіч. У 2014 годзе яго асудзілі на 5,5 года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і з канфіскацыяй маёмасці па абвінавачванні ў хабарніцтве і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Па версіі следства, з красавіка 2012 да сакавіка 2013 года, будучы намеснікам старшыні гарвыканкама, ён браў хабар чабурэкамі, піражкамі, піцай і іншымі прадуктамі.
Пазней са Стасевіча знялі абвінавачванні ў хабарніцтве і знізілі тэрмін да трох гадоў. Ён адседзеў іх "ад званка да званка", а ўжо ў лютым 2016 года быў прызначаны дырэктарам Баранавіцкага камбіната надомнай працы. Прэзідэнцкага памілавання ў яго гісторыі не было, але не нагадаць пра ліхія прыгоды чыноўніка з чабурэкамі мы проста не маглі.
Андрэй Усаў
Былы гендырэктар ААТ "Магілёўдрэў" Андрэй Усаў быў асуджаны ў 2014 годзе на восем гадоў пазбаўлення волі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Але ўжо ў 2016 годзе яго вызвалілі і прызначылі выканаўчым дырэктарам па вытворчасці магілёўскага завода "Строммашына". Кажуць, што гэта была прапанова Савета Міністраў, якую Лукашэнка падтрымаў.
Уладзімір Волкаў
У траўні 2014 года экс-намеснік старшыні "Белнафтахіма" Уладзімір Волкаў быў асуджаны на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд палічыў яго вінаватым у атрыманні хабару ў буйным памеры. Сам Волкаў сваю віну не прызнаў. Навошта? Можна ж напісаць Лукашэнку прашэнне аб памілаванні. Дапамагло: Волкаў быў датэрмінова вызвалены і ў пачатку 2016 года прызначаны кіраўніком дырэкцыі аб'ектаў, якія будуюцца, Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода.
Юрый Чыж
Сумесны сенакос з Аляксандрам Лукашэнкам не дапамог Юрыю Чыжу пазбегнуць крымінальнага пераследу. Але ад суда кіраўнік дзяржавы яго "адмазаў". Адзін з самых багатых людзей Беларусі, у сакавіку 2016-га Чыж трапіў у СІЗА КДБ, яму пагражала да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за нявыплату падаткаў у асабліва буйным памеры. Але ў верасні 2016 года бізнесмен быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Як паведамілі ў КДБ, Чыж прызнаў віну і кампенсаваў шкоду, якую нанёс дзяржаве.
Юрый Чыж — не службовец. Можа быць, менавіта таму ён не быў адпраўлены "на перавыхаванне" ў стратны калгас або на завод.
Аляксандр Рымашэўскі
Былы старшыня Салігорскага райвыканкама Аляксандр Рымашэўскі ў 2017 годзе быў затрыманы ў момант атрымання хабару ў памеры 2700 долараў. Як устанавіла следства, за два гады Аляксандр Рымашэўскі атрымаў хабараў на суму 16,9 тысячы долараў ад прадстаўніка кампаніі "Белрасаграсэрвіс".
Хабары былы чыноўнік атрымліваў за першачарговае пагашэнне запазычанасцяў пастаўшчыка па разліках за пастаўленую прадукцыю. У снежні 2017-га Рымашэўскі быў прысуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі, але ўжо праз паўгода выйшаў на волю — памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.
Рымашэўскі — не топавы бізнесмен, таму ад "ссылкі" ў калгас адкупіцца не атрымалася. З чэрвеня 2018-га ён узначальвае калгас "Радастоўскі" ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.