Haina "Мішэні"

Трыа Haina на чале з экс-лідарам гурта "Абшар" Іллём Паплёўкам выпусціла жывы EP "Мішэні". У новым праекце музыкі ставяць перад сабой няпростую задачу: цалкам адмаўляюцца ад электрагітары, але пры гэтым ствараюць свой варыянт рок-н-рола з бубнамі, баянам і скрыпкай.


Музыка Haina гучыць даволі самабытна. Песні пра пошук, выбар, сумненне, прагу новага ўзмацняюцца магутнымі, амаль сімфанічнымі кульмінацыямі, як гэта ёсць у “Міма” ды “Палётах”. Саўнд гурта падобны на той жа “Ціхі акіян”, пра які спяваюць музыкі — то стрыманы, то бурлівы, то велічны, то мітуслівы. Мелодыі Haina яркія і вострыя, што важна ў падобнай музыцы, бо такім чынам утрымліваецца баланс з аранжыроўкамі, дзе гаспадараць навязлівыя (па сваіх уласцівасцях) баян і скрыпка. Ад “Мішэняў” вее кінематаграфічнасцю і таямнічасцю.


“Жаданне нешта змяніць без дакладнага плана дзеяння. Інтуітыўная гатоўнасць рызыкаваць без уяўлення, чым менавіта давядзецца рызыкаваць”, — кажа лідар Haina пра трэк “Ціхі акіян”. Але падобны настрой уласцівы ўсім трэкам пласцінкі.


Музыку, абсалютна тутэйшую ў добрым сэнсе, па сваёй сутнасці, Haina разбаўляюць вальсам “Больш менш”, які з аднаго боку нагадвае пра легендарны “Народны альбом”, з іншага — пра бярозаўскіх калег з гурта “Кальмары”.


Haina не збіралася выпускаць ЕР, так, музыкі пісалі “жывую” дэмку, каб паслухаць збоку, што атрымоўваецца. У выніку атрымалася някепска. Хацелася б паслухаць студыйны варыянт пласцінкі з глыбейшым і прадуманым гукам. Можа атрымацца нават вельмі цікава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі