Прэзентацыя на Еўрарадыё: песня “Сам сабе” гурта Haina і відэашэраг да яе
Гурт Haina прэзентуе на Еўрарадыё песню “Сам сабе”, якая з’яўляецца першай ластаўкай з дэбютнага альбома мінскага трыа.
“Яна была напісаная намі адной з апошніх сярод кампазіцый, якія ўключае альбом, — распавядае лідар гурта Ілля Паплёўка. — Яна пра вандроўку паміж двума рэчаіснасцямі, двума рэальнасцямі і, як нам падаецца, добра перадае сам настрой і атмасферу альбома. Хоць патэнцыйна нам складана ацаніць, які з тэркаў больш спадабаецца слухачам, мы выбіралі выключна на свой густ”.
Музыкі праілюстравалі трэк відэашэрагам, які паказвае новы сцэнічны імідж музыкаў.
“Здымкі праходзілі на нашай студыі пад Мінскам, — ўзгадвае Ілля. — Усё рабілася без бюджэтаў, выключна сваімі сіламі. Спачатку мы планавалі проста “лайв”, але потым пачалі дадаваць сцэны. Рэжысёрам стаў наш сябра Саша Паклонскі. Выключна для гэтага відэа наш бубнач Саша змайстраваў адмысловыя ліхтары над кожным з нас. Ну і цяпер, дзякуючы яму, свецяцца і нашы інструменты, што бачна на відэа і некаторыя ўжо бачылі на канцэртах”.
Дэбютнік музыкаў, назва якога пакуль трымаецца ў сакрэце, будзе прэзентаваны ў чацвер на сайце Еўрарадыё. Дыск быў запісаны пры падтрымцы студыі “Осмас”, якая за перамогу ў намінацыі “Дэбют-2014” на сёлетняй прэміі “Даём рады” падаравала музыкам 50 гадзін запісу.