Хатні кот у Віцебску памёр ад шаленства

Хатні кот у Віцебску памёр ад шаленства

У Віцебску ад шаленства памёр хатні кот. Пра гэтае здарэнне агенцтву БЕЛТА распавёў начальнік Віцебскай гарадской ветэрынарнай станцыі Дзмітрый Хрыпанкоў.

Уладальнікі хворай жывёлы самі звярнуліся ў ветстанцыю са скаргамі на стан здароўя ката. Ветлекары адразу звярнулі ўвагу на характэрныя прыкметы захворвання: слінацёк, адсутныя погляд і рэакцыі на дзеянні доктара. Ката спярша змясцілі ў каранцін, а праз некалькі дзён ён памёр. Аналізы паказалі, што жывёла хварэла на шаленства.

Гаспадыню ката і яе дачку адразу ж паклалі ў лякарню для антырабічнага лячэння. Па словах Хрыпанкова, у гаспадароў не было ветэрынарнага пашпарта на ката з неабходнымі адзнакамі аб прышчэпках ад шаленства. Таму ветерынары мяркуюць, што жывёла не была прышчэпленая.

"Па сцвярджэнні гаспадыні, кот пастаянна знаходзіўся дома, нікуды не вывозіўся. Але гэта не з'яўляецца гарантыяй здароўя. Гарантыя для хатняга гадаванца пазбегнуць шаленства — прышчэпка", — падкрэсліў спецыяліст.

Згаданы выпадак адбыўся на вуліцы Чкалава, дом 9, корпус 1. У выніку ў зоне рызыкі апынуліся размешчаныя побач вуліцы Чкалава, 2-я Прадольная, праспекты Маскоўскі і пр. Будаўнікоў. Цяпер тут абвешчаны двухмесячны каранцін. Спецыялісты абыходзяць жыллё, каб выявіць хворых жывёл, праверыць зарэгістраваных жывёл, паінфармаваць насельніцтва.

Дарэчы, у Віцебску гэта ўжо трэці ад пачатку года выяўлены выпадак захворвання на шаленства сярод жывёл, кажа выканаўца абавязкаў галоўнага санітарнага лекара горада Аляксандр Перадкоў. Праўда, першыя два былі звязаныя з дзікімі лісамі. Ачагі захворвання былі зарэгістраваныя ў раёне пасёлка Тарны і вуліцы Праўды. За студзень-ліпень па дапамогу ад шаленства звярнуліся 568 пацярпелых ад укусаў жывёл жыхароў Віцебска і Віцебскага раёна, з іх 144 дзіцяці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі