Хлопец спаліў машыну ДАІ за тое, што даішнікі забралі ў яго мапед

Хлопец спаліў машыну ДАІ за тое, што даішнікі забралі ў яго мапед

Следчыя завяршылі расследаванне крымінальнай справы па падпале міліцэйскай машыны "Лада Прыёра" ў гаражы аддзялення міліцыі курортнага пасёлка Нарач. Справа перададзеная пракурору Мядзельскага раёна для накіравання ў суд.

Пракурор Іван Малафей распавёў сайту kraj.by, што абвінавачаным па справе праходзіць 22-гадовы жыхар курортнага пасёлка Нарач. Злачынства адбылося ўначы 5 кастрычніка 2017 года. Напярэдадні супрацоўнікі ДАІ забралі ў хлопца мапед "Дэльта". 5 кастрычніка каля 3.30 п'яны хлопец залез у службовы міліцэйскі гараж, збіўшы каменем навесны замок на дзвярах.

У гаражы стаялі дзве міліцэйскія машыны "Лада Прыёра" і забраны ў хлопца мапед. Следства мяркуе, што абвінавачаны зліў бензін з мапеда, абліў ім правае пярэдняе кола адной з машын і падпаліў яго запальнічкай. Машына загарэлася, потым агонь перакінуўся на другі аўтамабіль і на дах гаража.

Агонь цалкам знішчыў "Ладу", якую падпаліў зламыснік. Таксама згарэлі сігнальная гукаўзмацняльная ўстаноўка, радыёстанцыя, аварыйны дарожны знак, аўтамабільная аптэчка і 17 літраў бензіну. Пашкодзіў агонь і другую машыну. 

Агульная шкода, прычыненая мядзельскай міліцыі, ацэньваецца ў 9833 рублі 29 капеек. Гэта лічыцца буйным памерам.

Абвінавачаны мае сярэднюю адукацыю, часова не працуе, не судзімы, не жанаты. Яго вінавацяць у наўмысным знішчэнні або пашкоджанні маёмасці, якое здзейсненае агульнанебяспечным спосабам і пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры. Максімальнае пакаранне, якое пагражае хлопцу, — 10 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі