H&M сыходзіць з Беларусі. Крамы распрадаюць тавары

Адкрыццё H&M у Мінску / prodetok.by
Адкрыццё H&M у Мінску / prodetok.by

Брэнд H&M усё ж сыходзіць з Беларусі. 19 верасня крамы адчыняюцца для распродажу тавараў. Аб гэтым паведамляе Onliner са спасылкай на прэс-службу кампаніі.

Крамы сеткі H&M у Беларусі закрыліся ў пачатку сакавіка — у сувязі з пачаткам вайны ва Украіне. Спачатку кампанія планавала зноў адкрыць іх у жніўні, потым — 19 верасня.

"Мы часова зноў адкрыем нашы тры крамы для продажу астатніх тавараў і будзем трымаць іх адкрытымі цягам абмежаванага перыяду часу", — сказалі парталу ў прэс-службе.

Ці варта чакаць зніжак на тавары — не паведамляецца.

Аб канчатковым сыходзе з расійскага рынку шведская H&M Group — адзін з найбуйнейшых у свеце прадаўцоў адзення, абутку і аксесуараў — заявіла ў сярэдзіне ліпеня. У кампаніі растлумачылі сваё рашэнне "аперацыйнымі праблемамі і непрадказальнай будучыняй" а таксама "немагчымасцю ў бягучай сітуацыі працягваць бізнес у Расіі".

На прыканцы чэрвеня шведскі рытэйлер паведаміў, што закрыццё крам у Расіі, Беларусі і Украіне ў другім квартале 2022 года абышлося яму ў 228 мільёнаў крон.

Сетка H&M прыйшла ў Беларусь у 2019-м годзе. Першую краму шведскага мас-маркета адчынялі з помпай, чэргамі і натоўпамі людзей. Усяго ў Мінску было тры крамы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі