Hok-Key “Знак бяды”

Мінскі хэві-метал гурт Hok-Key за доўгія гады існавання не сказаць каб неяк моцна змяняўся ў падыходзе да творчасці. Самі музыкі сябе называлі сцёб-металістамі, спявалі збольшага на расійскай мове і ў прынцыпе былі па-свойму эксклюзіўнымі ў краіне. І вось на 20-м годзе жыцця музыкі кардынальна мяняюць канцэпцыю і выдаюць альбом “Знак Бяды”.

Самі Hok-Key тлумачаць назву перажываннямі аб стане нацыянальнай культуры і нашай спадчыны. “Заняпад народнай самасвядомасці і абыякавасць да сваіх каранёў — гэта і ёсць знак бяды,” — кажуць музыкі. Але ніякай канцэпцыі ў дыска няма. Гэта ўсё ж складанка з 10-ці гераічна-эпахальных трэкаў з беларускімі этнічнымі матывамі і англамоўнага бонус-трэка пра “Залатыя стагоддзі”, адсутнасць якога пайшла б толькі на карысць альбому.

Праца над альбомам вялася чатыры гады, за якія музыкі дасканала адтачылі кожную нотку аранжыроўкі, кожны музычны крок і подых. Праўда, казаць пра вынаходніцтва нечага новага не даводзіцца, акурат наадварот: новы альбом Hok-Key цалкам вытрымалі ў традыцыях heavy-metal. Вось праўда: нягледзячы на тое, што запісаны матэрыял апрацоўваўся ў Пецярбургу ды Лісабоне, часам падаецца, што некаторыя інструменты сэмпліраваныя, настолькі штучна яны гучаць. Праз гэта губляецца драйв ды ціск, з якімі, відавочна, можна сутыкнуцца падчас жывых канцэртаў гурта.

Усе песні альбома сапраўды вельмі шчырыя і сумленныя. Звычайна такога кшталту тэксты пішуцца ў маладых рамантыкаў, гатовых на подзвігі дзеля Айчыны. І гэты факт вельмі складана суаднесці з гуртом з 20-гадовай гісторыяй. Каларыту дадае і юнацкая прастата ў пошуках рыфмы ды выказвання думкі… То бок з аднаго боку музыкі Hok-Key пасталелі, сталі больш сур’ёзнымі, а з іншага — узяліся за новую для сябе справу і пачуваюцца ў ёй як маладыя. І гэта кранае, становіцца, так бы мовіць, разынкай альбома.

Дыск “Знак бяды” вельмі роўны. На ім складана вылучыць хіты, але і прахадных, горшых кампазіцый таксама не адзначыш. Магчыма, камусьці ён можа падацца зацягнутым, але слухаецца ён на адным подыху. Hok-key знайшлі новае гучанне і вельмі добра сябе ў ім адчуваюць. Засталося толькі больш яскрава абазначыць сваю адметнасць, хоць, можа, гэта ўжо перфекцыянізм ды прыдзіркі.

  • Скачаць альбом можна тут
  •  
  • Трэк-ліст:
  • 01 — Рух
  • 02 — Спадчына
  • 03 — Калінай чырвонай
  • 04 — Кліч крыві
  • 05 — Папараць-кветка
  • 06 — Горад М
  • 07 — Калыханка
  • 08 — Не кувай, мая зязюля
  • 09 — Нема крычу
  • 10 — Эпітафія
  • 11 — The Golden Age (Bonus Track)
  •  
  • Склад гурта:
  • Яраслаў Сапуноў — гітара, клавішы
  • Змiцер Рудовіч — вакал
  • Ірына Сапунова — скрыпка
  • Аляксандр Волчак — бас
  • Алег Канцоў — бубны
  •  
  • Удзел у запісе:
  • Алена Працко (бэк-вакалістка гурта Scorpions)
  • Кірыл Нікееў (ex-Beer Bear, Масква),
  • Канстанцін Фамін і Ірына Крэмень (Харавая капэла БДУ)
  • Віталь Бараўкоў (дадатковыя клавішы).
  •  
  • Запіс: студыя Box'87 (Мінск)
  •  
  • Звядзенне, майстарынг: Feedback Studios (Санкт-Пецярбург і Лiсабон)
  •  
  • Афармленне альбома: Агнэс Арагонская, Змiцер Рудовіч, Ірына Сапунова
  •  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі